Дырэктар вінзавода: Лепш, каб увогуле не прадавалі алкаголь з 9 вечара

Дырэктар вінзавода: Лепш, каб увогуле не прадавалі алкаголь з 9 вечара

Днямі беларуская міліцыя зноў выказалася пра ідэю забараніць начны гандаль алкаголем. Нагадаем, што сёлета ў пачатку лета ў тым жа Мінску спіртное не прадавалася з 22.00 да 9.00. Але ў сярэдзіне жніўня Аляксандр Лукашэнка загадаў скасаваць абмежаванні. Такім чынам вырашаліся праблемы вытворцаў алкаголю. Мінгандлю тады ж прыняло новы асартыментны пералік для кавярняў і ўстаноў грамадскага харчавання. Нават у дарагіх рэстаранах цяпер можна набыць кілішак гарэлкі за 10 тысяч, а “чарніла” прадаецца ў любым гіпермаркеце.

Міліцыя на ўсё гэта паслухмяна прамаўчала, хоць пераважная большасць забойстваў, згвалтаванняў, рабаванняў і разбояў здзяйсняецца ў стане ап’янення.

Як бутлегеры нелегальна прадавалі алкаголь у часы абмежавання начных продажаў (відэа)

Эканамічны эксперт Сяргей Чалы тлумачыць, чаму дзяржава пайшла на такія меры, паставіўшы на першае месца не здароўе нацыі, а іншыя інтарэсы.

“Усё гэта звязана выключна з эканамічнымі рэчамі. У вытворцаў алкаголю накапіліся вялікія складскія запасы плюс, было падзенне вытворчасці. Гэтаму рашэнню папярэднічаў канфлікт: у буйных сетак былі запазычанасці перад вытворцамі алкаголю. Праблему вырашылі тым, што прымусілі крамы набыць увесь гэты алкаголь без усялякай адтэрміноўкі плацяжу. Склады вытворцаў разгрузіліся, тавар перавезлі на склады крамаў”, — апісвае сітуацыю Чалы.

Пра тое самае толькі іншымі словамі Еўрарадыё расказвае Наталля Лазнюха, начальнік аддзелу маркетынгу і продажу Пінскага вінаробнага завода. Запазычанасць з боку крамаў скарацілася, а для прадукцыі прадпрыемства адкрыліся буйныя сеткі, куды раней было цяжка трапіць.

Мацаваныя віны, якія ў народзе называюць “чарніламі”, — гэта 90% ад вытворчасці завода. Як вядома, спажываюць такія напоі пераважна алкаголікі. Аднак Наталля Лазнюха падкрэслівае, што змены ў заканадаўстве дазволілі яе прадпрыемству прасунуць на шырокі рынак куды больш салідную, чым “чарніла”, прадукцыю.

“Мацаваныя пладовыя віны — гэта не наша будучыня. Цяпер наш завод перайшоў на выпуск унікальнай для Беларусі садавінавай гарэлкі. Гэта аналаг чачы, віскі, ракіі… У ёй нізкія утрыманні этылавых спіртоў, якія выклікаюць пахмельны сіндром. Таксама мы актыўна паставілі ў гандлёвыя сеткі немацаваныя садавінавыя віны. Спажыўшы гэтыя натуральныя віны, чалавек на злачынствы не пойдзе”, — перакананая Наталля Лазнюха.

Антон Хурсан, начальнік аддзела забеспячэння і збыту прадпрыемства “Магілёўаблспажыўпрам”, аналізуе, што змены ў заканадаўстве амаль ніяк не паўплывалі на яго прадпрыемства. А “чарніла” у гіпермаркетах, дзе яму пастанавілі прадавацца, попытам не карыстаецца.

“Таму план не павялічваўся. Пладовыя мацаваныя віны у буйных сетках прадаюцца доўга і каштуюць адносна дорага. А вось садавінавае віно пайшло, бо яно без дадатку спірту”, — распавядае Антон Хурсан.

Што тычыцца забароны на продаж алкаголю ўначы, начальнік з вінзавода гэту ініцыятыву цалкам падтрымлівае:

“Я за. Лепш, каб увогуле ніякі алкаголь не прадавалі з 9 вечара. Будзе менш злачынстваў. А калі ў нас у Магілёве віно забаранілі прадаваць з пяці гадзін, піць менш не сталі. З’яўляліся нелегальныя кропкі, дзе яго прадавалі з накруткамі. Людзі тады з працы ўцякалі, каб купіць бутэльку…”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі