Дыпламаты ЕС не паехалі наведаць месцы, дзе ў РБ знаходзяцца дзеці з Украіны

Заходнія дыпламаты слухаюць апраўданні Юрыя Амбразевіча і Аляксея Талая, Мінск, 22 верасня 2023-га

Заходнія дыпламаты слухаюць апраўданні Юрыя Амбразевіча і Аляксея Талая, Мінск, 22 верасня 2023-га / mfa.gov.by

Еўрапейскія дыпламаты адмовіліся ад паездкі па месцах, дзе ў Беларусі знаходзяцца дзеці, вывезеныя з тэрыторыі Украіны, акупаванай Расіяй. Раней гэтую паездку анансавалі ў МЗС Беларусі. Як адзначае Прадстаўніцтва ЕС у РБ, яны не разумеюць, чаму не былі запрошаныя прадстаўнікі ўкраінскага пасольства ў нашай краіне: "ЕС і яго дзяржавы-члены неаднаразова выказвалі глыбокую занепакоенасць абставінамі, пры якіх украінскіх дзяцей прывозяць у Беларусь. У гэтым кантэксце мы шкадуем, што Пасольства Украіны, якое з’яўляецца найбольш зацікаўленым бокам, бо справа датычыць грамадзян Украіны, не было запрошана ні на брыфінг па гэтым пытанні 22 верасня 2023 года, ні ў паездку ў Наваполацк, якая адбудзецца 4 кастрычніка 2023 года"

Раней МЗС Украіны заявіла, што мерапрыемства мае на мэце "легалізацыю незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый" і заклікала дыпламатычныя прадстаўніцтвы ўстрымацца ад удзелу ў "прапагандысцкай паездцы беларускага рэжыму".

У сакавіку 2023-га Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордар на арышт прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, а таксама ўпаўнаважанай па правах дзіцяці РФ Марыі Львовай-Бяловай. Абое яны нясуць адказнасць за ваеннае злачынства — незаконную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей. У красавіку Парламенцкая асамблея Савета Еўропы прызнала генацыдам прымусовую дэпартацыю ў Расію дзяцей з Украіны. Аляксандр Лукашэнка і яго рэжым прызнаныя датычнымі да гэтага злачынства. У такой сітуацыі Міжнародны крымінальны суд заклікаюць разгледзець магчымасць выдачы аналагічнага ордара на арышт Лукашэнкі. Дзейнасцю па вывазе дзяцей прадстаўнікамі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі зацікавіліся і ўлады Украіны.

Рэжым Лукашэнкі апраўдваецца за вываз украінскіх дзяцей і адначасова працягвае іх прывозіць. Аляксандр Лукашэнка вельмі нервова каментуе весткі пра спробы адправіць яго ў Гаагу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі