Дыетолаг: Мясапрадукты не мусяць быць часткай штодзённага рацыёну

Дыетолаг: Мясапрадукты не мусяць быць часткай штодзённага рацыёну

26 кастрычніка Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) апублікавала даклад, у якім сцвярджаецца, што мясапрадукты (сасіскі, каўбасы, бекон, вяндліна) з’яўляюцца патэнцыйна небяспечнымі і могуць прывесці да анкалагічных захворванняў.

Эксперты прааналізавалі каля 800 навуковых даследаванняў і больш за 34 тысячы гісторый хвароб.

“Камбінаваны аналіз некалькіх даследаванняў звярнуў увагу на тое, што штодзённае спажыванне 50 грамаў перапрацаванага мяса павялічвае рызыку ўзнікнення рака прамой кішкі на 17%, што тычыцца павышэння рызыкі пры спажыванні "чырвонага" мяса, то яно складае тыя ж 17% на 100 грамаў. Але тут доказы сувязі прычын і наступстваў пакуль не вельмі моцныя”, — распавядае прадстаўнік Міжнароднага агенцтва вывучэння рака Курт Штрайф.

СААЗ аднесла прадукты перапрацоўкі мяса да першай катэгорыі канцэрагеннай небяспекі, паставіўшы ў адзін шэраг з паленнем і выхлапамі дызельных рухавікоў. Неперапрацаванае чырвонае мяса, да якога адносіцца свініна, ялавічына і бараніна — з-за недастатковых доказаў патрапіла ў другую групу.

Дыетолаг: Мясапрадукты не мусяць быць часткай штодзённага рацыёну
Фота: startmart.ru

Гэтая навіна выклікала вялікі рэзананс у сусветных СМІ. Галоўныя палосы газет абмяркоўваюць заяву Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. Што з гэтай нагоды мяркуюць беларускія спецыялісты?

Дыетолаг Іна Ражок, таксама згодная з тым, што празмернае ўжыванне сасісак, каўбас і бекона можа выклікаць рак. Небяспечным на яе думку з’яўляецца не само мяса, а дадаткі, якія выкарыстоўваюцца ў прадуктах з яго.

“Чаму так адбываецца? У гэтыя вырабы проста дадаюць, для таго каб захаваць прывабны чырвоны колер, рэчывы, якія утрымліваюць нітрыты. Яны прыкладна на ўзроўні сігмавіднай, прамой кішкі распадаюцца да канцэрагенных рэчываў”, — тлумачыць спецыяліст.

Пра тое ж распавядае і пазаштатны дыетолаг Міністэрства аховы здароўя Марына Папова. Ужо даўно вядзецца гутарка пра тое, што сасіскі, сардэлькі, каўбасы не з’яўляюцца паўнавартаснай заменай мясу. Гэта мясны прадукт. Там мяса ідзе адным з кампанентаў, кажа дыетолаг.

“Яны не мусяць уваходзіць у штодзённы рацыён усяго насельніцтва. А для дзяцей, цяжарных жанчын і людзей сталага веку — тым больш!”, — кажа спецыяліст.

Але пра само мяса беларускія спецыялісты адгукаюцца больш лагодна. Іна Ражок кажа, што натуральнае мяса не нясе ў сабе такой небяспекі, як перапрацаванае. Згодная з гэтым і Марына Папова:

“Само мяса, як такое — гэта карысная, пажыўная крыніца паўнавартаснага жывёльнага бялку, які утрымлівае як замяняльныя, так і незамяняльныя амінакістлоты”, — кажа спецыяліст.

Паводле статыстыкі, сярэдні беларус за год з’ядае 91 кг мяса, з якіх 80% прыходзіцца на птушку і свініну. Прыблізна столькі ж мяса спажываюць і ў заходняй Еўропе. 

Галоўнае фота: otzyv.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі