Двое мінчан сталі фігурантамі крымінальнай справы за "цынічны надпіс" на ходніку

Народны мемарыял каля месца гібелі Аляксандра Тарайкоўскага / Еўрарадыё​
Народны мемарыял каля месца гібелі Аляксандра Тарайкоўскага / Еўрарадыё​

Што менавіта напісалі двое маладых людзей, у Генеральнай пракуратуры не ўдакладнілі. Паведамілі толькі, што крымінальная справа 25-гадовых жыхароў Мінска накіраваная ў суд.

"Абвінавачаным інкрымінаваныя злоснае хуліганства і наўмыснае знішчэнне маёмасці, што пацягнула прычыненне шкоды ў буйным памеры", — сказалі ў пракуратуры.

Усё адбылося 9 верасня каля будынка па вуліцы Прытыцкага, 21А — гэта павільён побач са стыхійна ўзніклым мемарыялам Аляксандра Тарайкоўскага. Паводле звестак следства, маладыя людзі "з выкарыстаннем пэндзля і лакафарбавага матэрыялу сіняга колеру нанеслі на тратуарную плітку цынічны надпіс".

Тарайкоўскі загінуў 10 жніўня 2020 года на Пушкінскай плошчы ў Мінску. Першапачаткова МУС сцвярджала, што ў яго ў руках выбухнула нявысветленая выбуховая прылада. Аднак відэа з месца здарэння абвяргае гэтую версію.

У наступныя дні да станцыі метро "Пушкінская" людзі пачалі прыносіць кветкі. Камунальнікі ўначы іх прыбіралі, але на раніцу кветкі, а таксама надпісы "Не забудзем, не даруем" з'яўляліся зноў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі