Дварковіч папярэдзіў пра скарачэнне паставак нафты ў Беларусь

"У адносінах паставак нафты пазіцыя Расіі не змянілася — мы адштурхоўваемся ад таго, што за 2013 год расійскі бок паставіць у Беларусь 18,5 млн тон, пры тым, што Беларусь настойвае на 23 млн тон", — гаворыцца ў каментары Аркадзя Дварковіча ў сувязі з затрыманнем у Мінску гендырэктара "Уралкалія" Уладзіслава Баўмгертнера.



Віцэ-прэм'ер нагадаў, што за першыя восем месяцаў у Беларусь паставілі ўжо каля 15 млн тон нафты. Таму ў чацвёртым квартале Мінск можа спадзявацца толькі на 3,5 млн тон.



Дварковіч падкрэсліў, што расійскі бок выконвае свае абавязкі па пастаўках нафты ў поўным аб'ёме, нягледзячы на зніжэнне паставак нафтпрадуктаў з Беларусі, інфармуе РІА "Новости".

Таксама сёння Аркадзь Дварковіч заявіў, што сітуацыя з затрыманнем гендырэктара "Уралкалія" выглядае неадэкватна і Расія можа перагледзець шэраг пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва з Беларуссю. Праваахоўныя органы Расіі працягваюць вывучаць матэрыялы па пастаўках у 2011-2012 гадах нафтапрадуктаў пад выглядам растваральнікаў з Беларусі ў "трэція краіны", адзначыў расійскі віцэ-прэм'ер.


 

Нагадаем, кіраўніка "Уралкалія" Уладзіслава Баўмгертнера затрымалі ў панядзелак, 26 жніўня, у Мінску ў аэрапорце пасля сустрэчы з прэм'ерам Міхаілам Мясніковічам. Гендырэктар “Уралкалія” нанёс шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі, заявіў Следчы камітэт Беларусі. Баўмгертнеру выстаўленае абвінавачанне ва злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі. Яму пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Следчы камітэт паведаміў, што страты па справе Беларускай калійнай кампаніі ацэньваюцца на 100 млн долараў. Баўмгертнер знаходзіцца ў следчым ізалятары КДБ.

Фота — ria.ru
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі