Два мінчукі ўчынілі "патоп" у царкве, каб скрасці тумбачку з грашыма

Два мінчукі ўчынілі "патоп" у царкве, каб скрасці тумбачку з грашыма

Следчы камітэт завяршыў расследаванне крымінальнай справы аб крадзяжы з царквы, паведамляецца на сайце ведамства.

Здарэнне адбылося сёлета на пачатку студзеня. Два непрацуючыя нецвярозыя мужчыны зайшлі ў адну з мінскіх цэркваў, скралі тумбачку і ўцяклі з месца здарэння. Падчас расследавання міліцыянты затрымалі 33-гадовага і 41-гадовага мужчын.

Тумбачка належала 67-гадоваму вартаўніку царквы. Мужчына жыў на арандаванай кватэры, таму захоўваў свае грошы ў тумбачцы ў пакоі вартаўнікоў. Пры гэтым ён распавядаў пра гэта ўсім, хто працаваў у царкве.

Абодва мужчыны раней падпрацоўвалі ў гэтай самай царквы і ведалі пра тумбачку. Увечары 5 студзеня яны прыйшлі ў царкву пад нагодай сустрэчы са старымі знаёмымі. У сталовай яны сталі піць гарбату з двума работнікамі царквы. Потым адзін з мужчын пайшоў у прыбіральню, разліў там вядро вады і, паклікаўшы работнікаў царквы, паведаміў аб прарыве трубы.

Пакуль тыя рамантавалі "патоп", абвінавачаныя скралі тумбачку і сышлі. Потым яны ўскрылі тумбачку і кінулі яе на вуліцы. Скрадзеныя грошы (больш за восем тысяч рублёў) падзялілі напалам.

Следчыя правялі ператрусы дома ў абвінавачаных. Мужчыны цалкам прызналі віну і раскайваюцца ва ўчыненым злачынстве.

Іх абвінавацілі ў крадзяжы ў буйным памеры. Абодвух узялі пад варту.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі