ДМК паведамляе, што прадухіліў завоз з Польшчы больш за 1200 куль

Знойдзены арсенал

Знойдзены арсенал / customs.gov.by

Беларуская мытня паведамляе пра дзве спробы незаконнага правозу праз беларуска-польскую мяжы куль і гільзаў. У абодвух выпадках перавозчыкамі былі грамадзяне Беларусі, яны ехалі з Польшчы. Усяго ў агульнай суме ў іх знайшлі і канфіскавалі больш за 1200 куль і яшчэ 100 гільзаў.

Адзін з затрыманых — 55-гадовы кіроўца грузавіка MERCEDES. У тэхналагічных нішах скрыні для інструментаў у яго знайшлі дзве скрынкі з вінтовачнымі кулямі "амерыканскай вытворчасці". Іх было каля тысячы. Яшчэ каля 200 куль і больш за 100 гільзаў брэсцкія мытнікі выявілі ў кіроўцы Volkswagen у ПП "Брэст". У ДМК кажуць, што супрацоўнікаў мытні збянтэжылі паводзіны кіроўцы, таму яго адправілі на дадатковы надгляд.

"У боксе паглыбленага надгляду мытнікі вызначылі, што абмежаваны да перамяшчэння тавар грамадзянін схаваў на сабе. Пад нагавіцамі знайшліся кулі і гільзы, прымацаваныя клейкай стужкай да ног, яшчэ нейкую колькасць ён размясціў у сваім абутку", — расказалі ў ДМК. У аўтамабілі таксама знайшлі незадэклараваныя аптычны прыцэл, лазерны далямер, трыног да яго і тактычныя джгуты.

На абодвух мужчынаў склалі пратаколы за "перамяшчэнне тавараў, якія падлягаюць мытнаму дэклараванню... з выкарыстаннем схованак". Ім пагражае штраф у памеры да 30 базавых велічыняў з канфіскацыяй схаваных тавараў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі