Для зняволеных у Беларусі ўвядуць электронныя бранзалеты

Электронныя бранзалеты для зняволеных плануюць увесці ў Беларусі ў 2018 годзе. Пра гэта паведаміў начальнік Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Сяргей Дарошка падчас прамой лініі ў газеце “СБ. Беларусь сегодня”.

Ён мяркуе, што такі маніторынг дазволіць знізіць колькасць людзей у месцах пазбаўлення волі. Асобаў, якія здзейснілі не цяжкія злачынствы і якія не з’яўляюцца небяспечнымі для грамадства, не будуць ізаляваць, а толькі абмяжуць у пэўных правах.

“Калі гэта спрацуе, то ў следчых ізалятарах будзе на 15% меней людзей, чым цяпер”, — сказаў Сяргей Дарошка.

Таксама ён распавёў пра стварэнне “калгасу” для зняволеных — працаваць на сельгаспрадпрыемстве ў Светлагорскім раёне змогуць толькі што вызваленыя, а таксама тыя, у каго заканчваецца тэрмін, або адбываецца замена тэрміну на ўмоўна-датэрміновае вызваленне або папраўчыя працы. Такім чынам дзяржава спрабуе вырашыць праблему працаўладкавання былых зэкаў.