Для Лукашэнкі няма выгаднага прэзідэнта ЗША, а для апазіцыі лепшы Макейн

4 лістапада амерыканцы выберуць новага прэзідэнта. Асноўныя кандыдаты на гэтую пасаду – дэмакрат Барак Абама і рэспубліканец Джон Макейн. Які з іх пераважны для Беларусі? Былы кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч не аддае перавагу пэўнаму кандыдату, але кажа, што з Макейнам сустракаўся некалькі разоў, а вось з Абамам –не.

Мілінкевіч: "Я асабіста добра ведаю кандыдата Макейна, я з ім неаднаразова сустракаўся. Барака Абаму я не ведаю і мне цяжка сказаць, хто з іх будзе выконваць адпаведную палітыку ў дачыненні Беларусі. Але я выкарыстаю ўсе свае магчымасці, каб новы прэзідэнт меў поўную інфармацыю аб сітуацыі ў Беларусі і каб палітыка яго была перш за ўсё скіраваная на падтрымку беларускай незалежнасці."

А вось палітолаг Раман Якаўлеўскі лічыць, што ад Штатаў не варта чакаць палітыкі ў стылі Еўрасаюза, кожны амерыканскі прэзідэнт будзе жорсткім у дачыненні да беларускіх уладаў, аднак для апазіцыі больш выгодны Макейн.

Якаўлеўскі: "Ад Вашынгтону нельга чакаць палітыкі ў стылі Еўрасаюза. У Лукашэнкі не мусіць быць ніякіх ілюзіяў наконт таго, што яму будзе лепей, напрыклад, калі прэзідэнтам стане Абама. Не. Адносна Беларусі і ў дэмакратаў, і ў рэспубліканцаў адзін і той жа погляд. Для Лукашэнкі няма пажаданага прэзідэнта. А вось для апазіцыі – так, Макейн лепей. Ён ведае апазіцыю, апазіцыя яго ведае.Ён удзельнічаў у розных міжнародных форумах і мае добрыя кантакты з беларускай апазіцыяй, з пэўнай часткай беларускай апазіцыі. Напрыклад, з Саннікавым."

У сваю чаргу Аляксандр Мілінкевіч спадзяецца, што яму ўдасца пераканаць новага амерыканскага прэзідэнта, пайсці насустрач беларускім уладам, патрабуючы ўзамен адпаведныя крокі.

Мілінкевіч: "Паколькі ёсць сур’ёзная пагроза страты незалежнасці з той прычыны, што нашая эканоміка функцыянуе вельмі неэфектыўна. Яна патрабуе рэформаў. Калі ізаляваць эканоміку, калі эканоміка не будзе мадэрнізаваная, мы трапім у поўную залежнасць ад Расіі. І палітыка ў стасунку да Беларусі мусіць сыходзіць з гэтага. Я лічу, што экананмічныя санкцыі ў такім выпадку яшчэ пагаршаюць сітуацыю з незалежнасцю. Таму патрэбнае супрацоўніцтва, але гэта супрацоўніцтва заўсёды з умовамі. Не можа быць так, што проста падарункі даюцца рэжыму, каб ён узмацняў, напрыклад, рэпрэсіі. Вось такая мая стратэгія і мяркую, што важна, каб яе прытрымліваліся і еўрапейскія краіны, і Злучаныя штаты."

Дарэчы, Джон Макейн актыўна ўдзельнічаў у абмеркаванні беларускага пытання. Менавіта ён з’яўляўся аўтарам і ініцыятарам “Акта аб дэмакратыі ў Беларусі”, прынятым кангрэсам і сенатам у 2004 годзе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі