"Дикое желание короля Стаха", або як Караткевіч узбагачаў і ратаваў творцаў

Дзякуючы Караткевічу Адам Глобус быў самым багатым у дзіцячым садку, Мікола Купава перамог савецкага чыноўніка, а Алесь Марачкін прыгадаў, як памылкова на рускую мову пераклалі вядомы твор пісьменніка.

У юбілей Уладзіміра Караткевіча Еўрарадыё звярнулася да творцаў, якія ведалі славутага пісьменніка, з просьбай распавесці байкі і вясёлыя гісторыі пра "дзядзю Валодзю".

Пісьменнік Адам Глобус з дзяцінства зарабляў з дапамогай Караткевіча. Гэта дапамагло яму быць самым заможным дзіцём у садку. Дарэчы, маленькі Адам і таленавіты пісьменнік жылі ў суседніх кватэрах. Спадар Караткевіч часам вяртаўся дадому позна, вельмі стомлены, прыгадвае ў гутарцы з Еўрарадыё Адам Глобус.

Адам Глобус: “Я хадзіў у дзіцячы садок і выходзіў з пад’езду самы першы. А дзядзя Валодзя прыходзіў у пад’езд самы апошні. І вось калі ён вечарам вяртаўся, стомлены падымаўся, у яго з кішэняў часам сыпаліся капейкі. Я ўставаў самы першы і, радасны, бачыў, што капеек панасыпана. Ішоў, збіраў — і ў дзіцячым садку быў самы багаты чалавек”.

Аднойчы Мікола Купава аздабляў партыйны кабінет аднаго савецкага функцыянера. Надпіс мастак зрабіў па-беларуску, што не спадабалася партыйцу. Той нават грошы пагразіўся за працу не заплаціць, узгадвае Мікола Купава. Вырашыць праблему ўскосна дапамог Уладзімір Караткевіч.

Мікола Купава: “Прыйшоў гэты партыец, ледзь не абамлеў, сказаў перарабіць. Сказаў, што плаціць не будзе. Я напісаў ліст Караткевічу. Ён хуценька адказаў, што трэба напісаць ліст Максіму Танку ці Івану Шамякіну. Я напісаў. Пасля вакацый звоніць гэты партыец і кажа, маўляў, прыязджайце і забірайце грошы”.

Алесь Марачкін сябраваў з Караткевічам у апошнія гады жыцця пісьменніка. Мастак распавёў, як “Дзікае паляванне караля Стаха” выпадкова стала “Диким желанием”. 

Алесь Марачкін:
 “Выйшаў фільм “Дзікае паляванне караля Стаха”. Тады рэкламай фільмаў у кінатэатрах займаўся “Вечерний Минск”. Выходзіла рэклама на беларускай і на рускай мовах. Перад рэдактарам паклалі тэкст. Ён падумаў, што “Дикая охота” напісана па-беларуску і выправіў на “Дикое желание короля Стаха”.

Уладзіміра Караткевіча большасць ведае як празаіка. А вось народны паэт Ніл Гілевіч лічыць яго перш за ўсё паэтам.

Ніл Гілевіч: “Вельмі мала гавораць пра яго паэзію. Для мяне ён найперш паэт, вельмі выдатны і самабытны. З гэтага ён пачаў”.

Сёння Уладзіміру Караткевічу споўнілася б 80 гадоў. З гэтай нагоды паэтычныя вечарыны, канцэрты ды сустрэчы праходзяць у Мінску, Оршы ды іншых гарадах, звязаных з жыццём славутага творцы. 

Сябры, знаёмыя і прыхільнікі творчасці Караткевіча наведалі таксама магілу пісьменніка на Ўсходніх могілках у Мінску. 

Прыйшоў пакласці кветачкі да яго каменя. Пастаяць, пагаманіць з ім, як у старыя часы. Валодзя быў чалавек і добры, і мілы, і вясёлы. Хапала ўсяго: і жартаў, і споведзяў, і шчырых размоў”, — адзначыў Генадзь Бураўкін.

Фота: img.news.open.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі