Дэпутат Палаты прадстаўнікоў пракаментаваў галадоўку "Маці 328"

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў пракаментаваў галадоўку "Маці 328"

У Палаце прадстаўнікоў 17 траўня абмяркоўваюць змены ў антынаркатычнае заканадаўства. Як паведамлялася раней, плануецца знізіць планку пакаранняў за распаўсюд наркотыкаў у другой і трэцяй частках артыкула 328 Крымінальнага кодэксу. 

У другой частцы артыкула ніжнюю планку пакарання плануецца зменшыць з пяці да трох гадоў. Верхняя застанецца ранейшай — восем гадоў. 

Па частцы 3 артыкула 328 (група асобаў, службовая асоба, паўторнае здзяйсненне злачынства, асабліва небяспечныя наркотыкі, непаўналетнія спажыўцы, а таксама адукацыйныя і іншыя ўстановы, збыт наркотыкаў у якіх лічыцца абцяжарваючымі абставінамі) мінімальны тэрмін пазбаўлення волі плануецца знізіць з васьмі да шасці гадоў. Верхняя планка пакарання па гэтай частцы — да 15 гадоў пазбаўлення волі.

За лібералізацыю антынаркатычнага заканадаўства ладзяць галадоўку маці тых маладых людзей, асуджаных па гэтым артыкуле. Іх рух так і называецца "Маці 328". 

Карэспандэнт Еўрарадыё Зміцер Лукашук пацікавіўся ў дэпутата Палаты прадстаўнікоў Валянціна Міхневіча, ці паўплывала гэтая галадоўка на змякчэнне заканадаўства.

"Я не хачу гэтае пытанне неяк палітызаваць. Пытанні былі — яны выказвалі сваё меркаванне. Галадоўка паўплывала ці гэта было больш звязана з прыняццем рашэння па маніторынгу, які правялі, што ёсць нейкія праблемныя пытанні, якія трэба вырашаць... Гэтыя праблемныя пытанні адлюстравалі ў гэтым праекце закона", — адказаў дэпутат.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі