Дэлегацыя АБСЕ і апазіцыя гаварылі пра папраўкі ў выбарчае заканадаўcтва

Падчас сустрэчы, што адбылася 21 снежня, прадстаўнікі беларускіх дэмсілаў паскардзіліся дэлегацыі Парламенцкай асамблеі АБСЕ на пагаршэнне ў краіне сітуацыі з правамі чалавека. На думку намесніка лідэра “Руху “За Свабоду” Юрася Губарэвіча, гэтая тэма была на сустрэчы ледзь не больш важкай, чым змены ў выбарчым заканадаўстве:
Юрась Губарэвіч: “Было абмеркаванае не толькі выбарчае заканадаўства, але і пытанні нематываваных затрыманняў, выкраданняў людзей, таксама пытанне выключэння з вучобы. Згадваўся выпадак з Таццянай Шапуцькай. Шмат увагі надалі таму, што па-ранейшаму надзвычай складана зарэгістраваць новую палітычную партыю ці грамадскае аб’яднанне.

Нам было сказана, што нашая думка для іх дастаткова важная, і тыя моманты, якія прагучалі падчас сустрэчы, прадстаўнікі Парламенцкай асамблеі АБСЕ будуць ўздымаць у размовах з афіцыйным бокам”.


Па словах Юрася Губарэвіча, сустрэча праходзіла ў кансультацыйным рэжыме: апазіцыянеры рабілі даклады, а супрацоўнікі АБСЕ слухалі не спяшаліся выказваць ацэнкі і каментары. Бадай, адзінае, у чым сышліся ўсе ўдзельнікі сустрэчы, — гэта ў нязначнасці зменаў, якія ўлады пакуль што ўнеслі ў беларускае выбарчае заканадаўства. Паказчыкам станоўчых зрухаў у гэтай галіне для АБСЕ будзе ход мясцовай выбарчай кампаніі 2010 года.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі