Дэкарацыі да беларускага фільма жахаў робяць з саломы (фота)

А рэжысёр Андрэй Кудзіненка кажа, што самае цяжкае – змагацца з бюракратызмам “Беларусьфільму”. Рэпартаж са здымкаў першага беларускага фільма жахаў У маёнтку Чацвярцінскіх Жалудок, што ў Шчучынскім раёне, адбываюцца гэтымі днямі здымкі першага беларускага фільму жахаў “Масакра”. Дзеянне адбываецца ў ХІХ стагоддзі. У маёнтак графа Пазуркевіча прыязджае малады мастак і авнтурыст, каб нібыта дапамагчы графу разабраць і ўпарадкаваць бібліятэку. Мастаку падабаецца прыгажуня Ганна, нявеста графа. А сам граф апынаецца мядзьведзем-пярэваратнем. Госці вяселля – ягоныя будучыя ахвяры…
На парозе маёнтка Жалудок, якія ўсе мясцовыя ўпарта называюць “замкам” я спаткаў мастака-пастаноўшчыка “Масакры” Артура Клінава. Ён сочыць, як рабочыя наладжваюць дэкарацыі ў маёнтку. Вырабляе асабіста некаторыя з іх – з саломы. Прызнаецца, што ў гэтым будзе беларуская асаблівасць гэтага фільму жахаў.

Артур Клінаў: Я на гэтай карціне мастак-пастаноўшчык. На мне ляжыць адказнасць за эстэтыку фільма, за аб’екты, за дэкарацыі – за ўсю сцэнаграфію фільма. З вялікіх аб’ектаў мы ўжо знялі царкву ў Азярцы (Строчыцах). Трэба было рабіць інтэр’ер царквы. Бо зараз гэта музей, практычна голыя сцены. Трэба было абжыць яе, стварыць атмасферу, дух. Каб гэта была царква, а не штучныя дэкарацыі.
Маёнтак у Жалудку выбралі невыпадкова. Спадар Клінаў кажа, што гэтаму папярэднічалі актыўныя пошукі па ўсёй краіне.

Артур Клінаў: Ведаеце, у нас выбар быў невялікі на самой справе. Бо мы аб’ехалі больш за дзесятак аб’ектаў – і большасць з іх папросту ляжыць у руінах. Ці другі варыянт – зроблены такі еўрарамонт, што там ужо няма чаго рабіць...

Палац у Жалудку мае цікавую багатую гісторыю, звязаную не толькі з Чацвярцінскімі, але і з Радзівіламі.

Артур Клінаў: Гэта сядзіба Чацвярцінскага, якая была збудаваная на пачатку ХХ стагоддзя ў такім неабарочным стылі. Таксама гэты палац мае дачыненне да роду Радзівілаў, бо за пана Чацвярцінскага выйшла замуж прадстаўніца роду Радзівілаў, яны жылі тут да 1939 года…
Рэжысёр фільма Андрэй Кудзіненка вядомы гледачам па такім працам, як “Розыгрыш” і “Акупацыя. Містэрыі”. Апошні фільм быў забаронены ў Беларусі, бо паказваў адрозную ад афіцыйнай версію наконт партызанаў у часе Другой сусветнай. Як атрымалася, што рэжысёр скандальнага фільму здымае цяпер кіно на дзяржаўнай кінастудыі?

Андрэй Кудзіненка: А хто там будзе здымаць? Там ужо няма каму здымаць! Старое пакаленне сыйшло… А новае? Новае – гэта ўжо ўсе дарослыя дзядзькі, якім проста не даюць працаваць… І атрымалася, што такая зіяючая дзіра на “Беларусьфільме”…

Спадар Кудзіненка кажа, што працаваць з “Беларусьфільмам” нялёгка з-за суцэльнага бюракратызму і архаічных савецкіх падыходаў да справы.

Андрэй Кудзіненка: Мяне запрасіў Замяталін. Я не дужа хацеў з “Беларусьфільмам” здымаць, бо ведаў, што такое мастацкі савет, што ўмовы працы вельмі цяжкія, што мала грошай плацяць людзям… А дырэктар мне сказаў: “Я вам давяраю, вырашым усе справы і не будзем лезці ў творчы працэс”. А для мастака гэта галоўнае.

Пра амбіцыі наконт “Масакры” спадар Кудзіненка сціпла адказвае – зрабіць беларускі нацыянальны хіт. Які і за мяжой мусіць “пакаціць”.

Андрэй Кудзіненка:
Я б хацеў зрабіць такі нацыянальны беларускі хіт. У такім разе ён пойдзе і ва Украіне, і ў Польшчы, і ў Расіі. Я хачу, каб моладзь пайшла на гэтае кіно. Каб гэта было і цікава, і карысна – бо тут ёсць і нацыянальныя тэмы, і гістарычныя тэмы… І сюжэт забаўляльны…

Здымкі першага беларускага фільма жахаў “Масакра” адбываюцца цяпер у маёнтку Чацвярцінскіх Жалудок пад Шчучыным. “Масакра” павінна выйсці на экраны ў другім паўгоддзі 2010 года.



Рэжысёр "Масакры" Андрэй Кудзіненка



Мастак-пастаноўшчык Артур Клінаў



Маёнтак у Жалудку



Парадная лесвіца



У палацы ўжо пачынаюць ствараць дэкарацыі



Гэтая лесвіца памятае крокі Чацвярцінскіх і Радзівілаў



Іншыя лесвіцы ў палацы таксама старыя



Саламяныя дэкарацыі ад Артура Клінава



У гэтым, паводле Клінава, будзе "фішка" Масакры



Саламяная ваза



На ўзбраенні "Беларусьфільма" -- цяжкая тэхніка



Палац у Жалудку нібыта ствараўся для здымкаў фільмаў жахаў!..

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі