Дапыталі маці, забралі медаль "100 гадоў БНР": Бульба пра ператрус у сваякоў

Сяргей Бульба / Euroradio
Сяргей Бульба / Euroradio

Падчас ператрусу ў сваякоў заснавальніка "Белага Легіёну" Сяргея Бульбы сілавікі забралі медаль "100 гадоў БНР" і дыплом ад Рады БНР. Да таго ж вынеслі некалькі кніг. Навошта сілавікам яго медаль, Бульба не ведае. Але прызнае, што гэта дарагая для яго рэч.

Бульба не быў у Беларусі ўжо пяць гадоў. Гэта не перашкодзіла сілавікам прыйсці з ператрусам да сваякоў. Яго 77-гадовую маці забралі проста з лецішча пад Валожынам. Пра гэта Бульба даведаўся з паведамлення ў месенджары ад сястры.

— Сястра напісала, што прыходзіў ГУБАЗіК, што быў допыт, што запісалі нейкае відэа. Я перш здзівіўся і нават вырашыў, што акаўнт сястры ўзламалі, што піша нехта іншы. Папрасіў паўтарыць усё тое самае голасам, каб я пераканаўся, што гэта яна. Сапраўды — яна, — расказвае Сяргей Бульба карэспандэнту Еўрарадыё на наступны дзень.

Яго сястру забралі з працы, маці — прывезлі дахаты з лецішча. Па адрасе прапіскі ўчынілі ператрус.

— Што маці, што сястра — абедзве былі ў цяжкім псіхалагічным стане. Сёння мама трошкі адышла ад гэтага, мы пагаварылі. Папрасіў зразумець, што я змушаны ўсё гэта агучваць, каб гэта не стала нормай. Мама кажа, яе прымусілі запісаць кароткае відэа, на якім яна называе сваё імя і просіць мяне не займацца тым, чым займаюся. Ніякага пакаяння там няма.

Бульба прызнаецца, што не чакаў візіту сілавікоў да яго блізкіх. У апошні раз ператрус, калі “усіх паставілі на вушы”, у Бульбы праводзілі ў 2007 годзе. А пасля, кажа, “сваякоў ніхто і не чапаў”.

— Я з 14-га года ва Украіне. Яны маглі прыйсці раней. Але дайшлі чамусьці толькі цяпер. Чаму? Якія такія мае актыўнасці іх натхнілі прыйсці менавіта цяпер? Магчыма, справа ў тым, што я цяпер актыўна выступаю на ўкраінскіх тэлеканалах, дзе імкнуся данесці, што [Аляксандр] Лукашэнка не суб'ект палітыкі. Магчыма, гэта іх так зачапіла?

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі