Дактары падазраюць, што ў Яны Русакевіч расколіна чэрапа

Дактары падазраюць, што ў Яны Русакевіч расколіна чэрапа

У суботу, 25 сакавіка, актрыса Свабоднага тэатра Яна Русакевіч прыйшла на плошчу Якуба Коласа. Адтуль яна збіралася трапіць на пляцоўку ля Акадэміі Навук, дзе мусіла пачацца шэсце з нагоды Дня Волі. Русакевіч не хадзіла на акцыі апазіцыі з 2010 года, калі спецназ брутальна разагнаў Плошчу.

"Я стаяла насупраць крамы "Сталічная". На тратуары. Побач метро, ЦУМ. Раптам на мяне і іншых людзей пабеглі амапаўцы. І аўтазакі з усіх бакоў паехалі. Людзі пачалі разбягацца. Было цяжка нешта разабраць, яны беглі па тратуары, па праспекце. Ведаеце, як гэта бывае, калі яны змешваюцца з натоўпам, пачынаюць хапаць людзей. Была штурханіна. Мабыць, у нейкі момант я атрымала удар. Я нават не зразумела, што мяне ударылі. Я выключылася, потым уключылася. Сышла адтуль у Галерэю "Ў", — расказвае Яна Русакевіч.

Ужо там ёй робіцца дрэнна, з дапамогай сяброў Яна выклікае таксоўку, каб ехаць дадому. У таксоўцы дзяўчыну званітавала, яна страціла прытомнасць. Прыйсці ў сябе дапамог кіроўца.

"Дома я выклікала "хуткую". Яны прыехалі, адразу сказалі, што ў мяне страсенне галаўнога мозгу. І я толькі тады змагла ўспомніць, што са мной адбылося на праспекце. Раней у мяне ўжо было страсенне, я ведала, што трэба паспаць, адпачыць. У бальніцу ехаць адмовілася. Але раніцай было толькі горш, я ізноў выклікала "хуткую", і мяне адразу забралі", — расказвае Русакевіч.

Ужо ў бальнічнай палаце да яе прыйшоў міліцыянер, які падрабязна распытваў, адкуль у дзяўчыны такая траўма.

"Я спачатку была ў 9-й бальніцы. Мяне там абследавалі. Потым адвезлі ў бальніцу хуткай дапамогі. Там да мяне прыйшоў міліцыянер, я яму ўсё расказала, як было. Спытаў у мяне, ці я буду падаваць заяву, што гэта крымінальная справа. Я яму кажу: "А вы рэальна будзеце шукаць гэтага чалавека, які ўдарыў мяне дубінкай па галаве?". Яны усё запратакаліравалі, сказалі, што будуць яшчэ хадзіць", — кажа Русакевіч.

Яна пакуль не ведае, калі зможа вярнуцца дадому. Дзяўчына амаль увесь час ляжыць, устае рэдка. Размова па тэлефоне ёй таксама даецца няпроста. Дактары не могуць паставіць дакладны дыягназ: "Учора ўвечары ўрачы казалі, што, імаверна, давядзецца рабіць аперацыю. Сёння раніцай доктар сказаў, што гэта можа быць расколіна ў чэрапе. Але яны пакуль не ўпэўненыя. Таму робяць уколы, чакаюць вынікаў. Пакуль зразумела дакладна, што ў мяне вельмі моцнае страсенне галаўнога мозгу".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі