Даішнікі стралялі, каб спыніць нецвярозага кіроўцу "Мерсэдэса" (відэа)

Даішнікі стралялі, каб спыніць нецвярозага кіроўцу "Мерсэдэса" (відэа)

Каб спыніць парушальніка Правілаў дарожнага руху, даішнікам Міншчыны давялося ўжыць зброю, паведамляе прэс-служба УУС Мінскай вобласці.

Здарэнне адбылося 3 снежня. Каля 14-й гадзіны з Іўеўскага раёна Гродзеншчыны паступіла інфармацыя, што па трасе едзе аўто, кіроўца якога стварае аварыйную сітуацыю. У 14:50 каля вёскі Манькоўшчына Валожынскага раёна кіроўца ўчыніў ДТЗ і ўцёк. Меркавалася, што за рулём нецвярозы кіроўца. 

Пасля гэтага ДАІ атрымала некалькі тэлефанаванняў ад грамадзян, якія паведамлялі пра "неадэкватнага кіроўцу". Нарад ДАІ Валожынскага РАУС выявіў парушальніка на аўтамабілі "Мерсэдэс-Бэнц Спрынтар" на дарозе М6. На патрабаванне ДАІ спыніцца мужчына не рэагаваў і працягваў рух. 

У Мінскім раёне да пагоні за "Мерсэдэсам" далучыліся яшчэ два нарады ДАІ мясцовага РУУС. Кіроўца, аднак, не спыняўся ні на якія сігналы інспектараў. Тады даішнікі вырашылі выкарыстаць зброю, хоць усё гэта адбывалася на ажыўленым участку дарогі. 

Кіроўца праігнараваў тры папераджальныя стрэлы ў паветра. Нават калі міліцыянты пацэлілі па колах, ён не спыніўся, працягваючы ехаць па МКАД. Пасля з'езду на Радашковіцкую вуліцу 47-гадовы мінчук урэзаўся ў ліхтар і металічную агароджу. Толькі пасля гэтага яго затрымалі.

Медагляд паказаў, што ў выдыханым паветры кіроўцы было больш за 2 праміле алкаголю. 
На яго склалі некалькі адміністрацыйных пратаколаў. Па факце ДТЗ ды іншых парушэнняў праводзіцца праверка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі