Да 50-годдзя прэміі “Грэмі” з'явяцца складанкі яе пераможцаў

Да 50-годдзя музычнай узнагароды “Грэмі” амерыканская Акадэмія гуказапісу плануе выдаць некалькі складанак трэкаў выканаўцаў, якія былі ўладальнікамі прэміі ў папярэднія гады.
Акадэмія выпусціць дыскі сумесна з кампаніяй Shout! Factory, якая спецыялізуецца на выданні архіўных запісаў. Першыя два дыскі, “Сучасны R&B” і “Сучасны поп”, з'явяцца ў продажы ўжо 27 лістапада 2007 года.

Яшчэ пяць складанак, прысвечаных кантры, рок- і поп-музыцы, будуць выдадзеныя 8 студзеня 2008 года. Акрамя таго, 30 лістапада ў эфір канала CBS выйдзе дзвюхгадзінны дакументальны фільм, які распавядае пра прэмію “Грэмі”.

Дадам, што юбілейная цырымонія ўручэння Грэмі адбудзецца ў Лос-Анжэлесе 10 лютага 2008 года. А намінанты будуць абвешчаныя 6 снежня 2007 года.

Прэмія "Грэмі" была заснаваная Асацыяцыяй гуказапісвальных кампаній Злучаных Штатаў у 1958 годзе. Ідэя яе стварэння нарадзілася ў прафесійных музыкаў у Лос-Анжэлесе ў 57-м годзе, калі адзначаўся 80-гадовы юбілей вынаходніцтва грамафона Томасам Эдысанам. Адсюль і з’явілася назва “Грэмі” і форма прызавой статуэткі (пазалочаны грамафон).

Зараз прэмія з'яўляецца самай прэстыжнай з усіх музычных узнагародаў свету.

Фота: www.fresnobeehive.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі