Да 11 гадоў зняволення — вынесеныя прысуды за крадзеж зброі ў Баранавічах

Да 11 гадоў зняволення — вынесеныя прысуды за крадзеж зброі ў Баранавічах

У Баранавічах 25 лістапада агучаны прысуд па справе аб крадзяжы зброі з вайсковай часці, піша Intex-press.

Суд цягнуўся з 10 верасня. Падсуднымі па справе праходзілі 10 чалавек. Толькі зачытванне абвінавачання заняло два дні. 

Паводле звестак следства, вайскоўцы вынеслі з часці больш за 20 пісталетаў Макарава, каля 10 аўтаматаў Калашнікава, 40-міліметровы гранатамёт, з дзясятак вайсковых выбуховых пакетаў, а таксама каля 4000 патронаў да пісталетаў і аўтаматаў ды іншыя боепрыпасы.

Прапаршчык Дзмітрый Кульжык і старшы прапаршчык Юрый Марчанка асуджаныя на 11 гадоў кожны (Кульжыку — калонія ўзмоцненага рэжыму). Абодва пазбаўленыя званняў і павінныя заплаціць па 1275 рублёў штрафу (50 базавых). З Кульжыка спаганяюць на карысць дзяржавы 12 тысяч рублёў ад даходу за продаж зброі, з Марчанкі — каля 2500 рублёў. 

Маёр міліцыі Аляксандр Века асуджаны на 8 гадоў, але адзін год яму скасавалі па амністыі. Мікалай Дзямідаў атрымаў 6 гадоў пазбаўлення волі, Максім Новікаў — 5 гадоў. Абодва яны трапілі пад амністыю, і ім скасавалі 1 год. 

У зале суда былі вызваленыя падсудныя, якія трапілі пад амністыю, піша Intex-press: Мікалай Чорны (2,4 ода пазбаўлення волі), Дзяніс Шавель (2,4), Мікалай Азарка (2,3), Сяргей Сяўрук (2,3). Старшаму прапаршчыку Віталю Грынкевічу-Судніку прысудзілі 4 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову, па амністыі яму таксама скасавалі 1 год пакарання.

Акрамя таго, суд пастанавіў канфіскаваць аўтамабілі ў Марчанкі, Векі, Дзямідава, Чорнага, Шавеля, Азаркі, Грынкевіча-Судніка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі