Цыганка без пашпарта з рэпартажа Еўрарадыё атрымала грамадзянства Беларусі

Цыганка без пашпарта з рэпартажа Еўрарадыё атрымала грамадзянства Беларусі

Цыганка Ганна Юзэпчук, якая шмат гадоў жыла без дакументаў і афіцыйнай працы, атрымала беларускі пашпарт.

“Пашпарт мне выдалі, дзякуй, што пацікавіліся, — распавяла Еўрарадыё Ганна Юзэпчук. — Знайшліся людзі, дапамаглі грашыма. Сёння [28 снежня. — Еўрарадыё] паеду на біржу, буду шукаць працу”.

Ганна Юзэпчук лічылася асобай без грамадзянства, нягледзячы на тое, што нарадзілася ў Беларусі. За апошнія гады жанчыну неаднаразова штрафавалі за парушэнне міграцыйнага заканадаўства.

Каб легалізавацца, Ганне давялося аплаціць штрафы і зрабіць рэгістрацыю. Закрыць запазычанасці перад дзяржавай шматдзетнай маці дапамаглі суседзі, якія далі жанчыне каля тысячы долараў.

Да канца снежня шматдзетная сям’я жыла ў службовым доме ў вёсцы Сітнікі Пухавіцкага раёна, дзе Ганне прапанавалі працу даяркі. Але жанчына адмовілася працаваць на ферме і сям’я з’ехала ў аварыйны дом у суседняй вёсцы, а ўмовамі жыцця дзяцей зацікавіліся сацыяльныя службы.

Цыганка без пашпарта з рэпартажа Еўрарадыё атрымала грамадзянства Беларусі

27 снежня на камісіі па справах непаўналетніх вырашалася, ці застануцца дзеці Ганны і Паўла жыць з бацькамі.

“Людзі дапамаглі, пусцілі жыць у дом, дзе ёсць святло, газ, — распавядае Ганна. — Нас пусцілі на зіму сюды. Дзяцей ніхто не будзе забіраць, бо праблему з жыллём мы вырашылі. Пагроза толькі з-за жылля была. Прыязджала дырэктар школы, бачыла ўмовы, сказала, што ўсё добра будзе”.

Арэнда дома ў суседняй вёсцы каштуе 50 рублёў. Ганна кажа, што заплаціць за першы месяц дапамаглі звычайныя людзі, якія жывуць побач.

Праваабаронцы прапануюць беларускім уладам правесці пашпартную амністыю: вызваліць цыганоў ад штрафаў і выдаць ім дакументы, каб яны маглі афіцыйна ўладкоўвацца на працу. Так пашпарт змог бы атрымаць і Павел, муж Ганны. Улады не супраць легалізацыі цыганскай меншасці, але ад штрафаў іх ніхто вызваляць не збіраецца.

Віцэ-кіраўнік беларускай цыганскай дыяспары Артур Гоманаў ў размове з Еўрарадыё распавёў, што без пашпартоў сёння жыве каля 20 сем’яў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі