Вы тут

CNN: Разведка ЗША вывезла агента, які працаваў у расійскім урадзе

pixabay.com

У 2017 годзе разведка ЗША таемна вывезла з Расіі свайго агента, які працаваў у расійскім урадзе. Такое сенсацыйнае паведамленне з'явілася ў тэлекампаніі CNN са спасылкай на дасведчаныя крыніцы.

Паведамляецца, быццам спецслужбы асцерагаліся, што адміністрацыя Дональда Трампа няправільна абыходзіцца з разведдадзенымі і можа дапусціць выкрыццё шпіёна, перадае Бі-Бі-Сі.

Нагодай для такога рашэння стала сустрэча Трампа з міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым і амбасадарам Расіі ў ЗША Сяргеем Кісляком. Адбылася яна ў Белым доме ў траўні 2017 года. Падчас сустрэчы Трамп раскрыў расіянам некаторыя сакрэтныя звесткі. Гэтыя звесткі маглі падказаць расіянам, што ў іх урадзе працуе "крот". Таму кіраўніцтва спецслужбаў было вымушанае пайсці на такі крок, як вываз агента.  

Па звестках CNN, пра існаванне шпіёна ведала вельмі абмежаваная колькасць людзей ва ўрадзе і спецслужбах ЗША. Між тым інфармацыя ад яго была настолькі каштоўнай, што альтэрнатывы яму не было.

Прадстаўніца ЦРУ Брытані Брамел назвала звесткі тэлекампаніі CNN недакладнымі. Па яе словах, журналісты ўводзяць публіку ў зман.

Прэс-сакратар Белага дома Стэфані Грышэм заявіла, што "паведамленне CNN не толькі няправільнае, але і патэнцыйна можа паставіць пад пагрозу чыёсьці жыццё".

Дональд Трамп у сваім акаўнце ў Твітары рэзка раскрытыкаваў CNN, хоць і не згадаў артыкул пра вывезенага агента. Прэзідэнт Штатаў заявіў, што тэлеканал губляе гледачоў, таму фабрыкуе фэйкавыя навіны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.