Ціханоўская расказала, калі яна плача. Лідар дэмсіл пра асабістае і дзяцей

Святлана Ціханоўская / афіцыйны тг-канал Святланы Ціханоўскай
Святлана Ціханоўская / афіцыйны тг-канал Святланы Ціханоўскай

"Я плачу ў асноўным вечарамі, і часцей за ўсё гэта здараецца, калі плача дачка", — расказвае гледачам шоу "Обычное утро" прадстаўніца дэмакратычных сіл Беларусі Святлана Ціханоўская.

Ужо амаль тры гады яе дзеці Агнія і Карней не бачаць бацькі — блогера Сяргея Ціханоўскага, які з 2020 года сядзіць у турме за сваю актыўную палітычную пазіцыю ў Беларусі.

Размаўляючы з журналістамі, жонка, маці і галоўны апанент Лукашэнкі расказвае пра тое, як сям'я перажывае гэты цяжкі час і як хутка даводзіцца расці дзецям новага пакалення ў эпоху войнаў і рэпрэсій.

— Вашы дзеці ходзяць у звычайную школу, у іх звычайнае дзяцінства?

— Мая задача — забяспечыць ім нармальнае звычайнае дзяцінства ў школе з сябрамі, выходзіць на нейкія прагулкі. Вядома, на ўсіх дзяцей гэтага пакалення, якія растуць цяпер, падзеі ў Беларусі накладаюць адбітак. Дзеці палітычна актыўных бацькоў асабліва добра разумеюць, што з краінай. Яны, на жаль, вымушаныя былі рана вырасці і разумець такія тэрміны, як "ШІЗА", "турма", "рэпрэсіі", "жыць у экзайле", як кажуць. Іх адарвалі ад родных, ад бабуль, ад сяброў, вывезлі ў іншую краіну, дзе новая мова, новая школа... Гэта ўсё вельмі цяжка для іх. Калі б яны былі ў Беларусі, жыццё цякло б больш размерана, але, вядома, не пры рэпрэсіях.

Тихановская рассказала, когда она плачет. Лидер демсил о личном и детях
Такой мы запомнілі Святлану Ціханоўскую ў перадвыбарную кампанію / Еўрарадыё

— Калі вы апошнім разам плакалі?

— Я плачу ў асноўным вечарамі, і часцей за ўсё гэта здараецца, калі плача дачка. Калі нешта не так, яна адразу ў слёзы: "Я хачу да таты". І вось ты разам з ёй паплачаш... Гэтыя эмоцыі таксама трэба з ёй перажываць.

Старэйшы сын дарослы — усё ў сабе. Ведаеце, мне часам здаецца, што я не тое што зачарсцвела за гэтыя тры гады, але калі гэта не тычыцца людзей, не тычыцца вось гэтага болю, мяне вельмі цяжка вывесці на слёзы. Нейкія іншыя дробязі жыцця наогул нічога не значаць.

— Старэйшы сын падобны да бацькі?

— Ён пайшоў у рост і ў цэлым тварам падобны да таты. Такі ж няўседлівы. У Сяргея была такая звычка: калі думае, ён шмат ходзіць. Яму заўсёды было мала месца ў кватэры, таму хацелася часцей бываць на лецішчы: там прастор, ён можа хадзіць, разважаць. Вось і ў сына таксама такое: ён ходзіць, кругі наразае, думае.

— Што чуваць ад Сяргея? Можа, піша нешта?

— Апошнім часам усё вельмі складана. Калі ведаеце, яго адваката пазбавілі ліцэнзіі. Вось ужо тры тыдні ніякіх навін ад яго няма. Лісты дзецям не даходзяць. Новы адвакат не можа патрапіць, яго не прымаюць. Ужо даўно не прымаюць ніякіх грашовых пераводаў Сяргею, іх блакуюць. Гэта значыць, ён там нават атаварыцца не можа. Перадачы яму ў цэлым забароненыя. Пакуль — невядомасць, але вельмі спадзяюся, што найбліжэйшым часам адвакат усё ж такі зможа патрапіць.

— А вам нельга стэлефаноўвацца?

— Такога не было. Сяргей тэлефанаваў некалькі разоў за гэтыя амаль тры гады маме. Размаўлялі літаральна па 5-7 хвілін. Гэта вось так, калі судовы працэс ідзе, можна тэлефанаваць. Болей не. Я з ім з таго часу, як у кастрычніку або лістападзе 2020 года яму дазволілі патэлефанаваць, больш не мела зносіны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі