Ціханоўская: лёс МУС будзе абмяркоўвацца на перамовах

Ціханоўская: лёс МУС будзе абмяркоўвацца на перамовах

Святлана Ціханоўская плануе быць кіраўніцай Беларусі толькі 45 дзён — да новых справядлівых прэзідэнцкіх выбараў. Пра гэта яна заявіла ў інтэрв'ю парталу TUT.by. Праўда, яе дарадца па палітычных пытаннях Франак Вячорка не выключае, што гэты тэрмін можа зацягнуцца.

Ціханоўская ўпэўненая, што перамовы з прадстаўнікамі цяперашняй улады непазбежныя: "І калі дамоўленасці будуць дасягнутыя, выпушчаныя палітвязні, пачнецца гэты пераходны перыяд, які прывядзе да новых выбараў. Думаю, у нас усе дакументы да таго часу будуць падрыхтаваныя ўжо канчаткова, крок за крокам там будзе прапісаны"

Каманда Ціханоўскай на днях абяцае апублікаваць некалькі дакументаў. "Першы — прапановы па правядзенні новых выбараў, другі — праграму эканамічнай дапамогі на транзітны перыяд — што трэба, каб выратаваць найбольш неабароненыя сацыяльныя групы, трэці — гэта сцэнары развіцця падзей, каб людзі разумелі, што ёсць некалькі варыянтаў, не ўсё будзе ідэальна і трэба быць гатовымі да розных сцэнароў, чацвёрты — прапановы па канстытуцыйнай рэформе, але не тое, што робіць Лукашэнка, а менавіта прынцыпы Канстытуцыі, каб гарантаваць мірныя перамены, каб не было ўражання, што пасля рэформы Канстытуцыі стане яшчэ горш", — пералічвае Вячорка.

Па словах Ціханоўскай, лёс МУС будзе абмяркоўвацца падчас дыялогу: "Трэба будзе заручыцца падтрымкай вайскоўцаў, у першую чаргу. Усе гэтыя злачынцы з сістэмы павінны будуць паўстаць перад судом. Думаю, МУС стане пасля арганізацыі сумленных выбараў адной з найважнейшых тэм перамоў: хто застанецца ў Міністэрстве, хто — не"

У перамовах, як дадае Вячорка, павінны ўдзельнічаць пратэстоўцы і прадстаўнікі рэжыму. На яго думку, рэжым не маналітны, а мае розныя групы, якія могуць выступіць у працэсе дыялогу.
 
Трэцім бокам на перамовах павінна стаць міжнародная арганізацыя АБСЕ, кажа старшы палітычны дарадца Аляксандр Дабравольскі. "Проста Еўрасаюз ці проста Расія не зусім пасуюць — у кожнага ёсць свае інтарэсы. А АБСЕ — арганізацыя, якая аб'ядноўвае і Расію, і ЕС, і ЗША, і Канаду, гэта найлепшы медыятар. Але могуць быць і іншыя варыянты. Напрыклад, ва Украіне медыятарам выступіла "нармандская чацвёрка". Мы гатовыя разглядаць розныя варыянты, але мы разумеем, што без трэцяга боку будзе значна цяжэй", — тлумачыць ён.

Ціханоўская прызнае, што Народны трыбунал быў абвешчаны ў неадпаведны перыяд: "Калі ён распрацоўваўся, ён быў разлічаны на пэўную колькасць тыдняў, але так атрымалася, што ён супаў са смерцю Рамана Бандарэнкі. І тыдзень гаварыць пра штосьці іншае было б непрыгожа, нізка, таму ўпусцілі. Трэцім пунктам трыбунала была якраз адзіная кніга рэгістрацыі злачынстваў, і мы цяпер яе запусцілі"

У Кнізе рэгістрацыі злачынстваў, даде Дабравольскі, ужо ёсць звесткі на 20 тысяч чалавек, якія ўдзельнічалі ў фальсіфікацыях выбараў: "Там і доказы іх злачынстваў, і фатаграфіі, яны зараз правяраюцца"

Ціханоўская ўпэўненая, што пратэсты ў Беларусі не згасаюць: "Мы і зараз бачым нейкія лакальныя актыўнасці: вось павесілі сцяг, расцяжку. Людзей гэта натхняе, а рэжым вымотвае: ім трэба падганяць тэхніку, здымаць, даследаваць тэрыторыі, дзе што вывесілі. Зразумела, што гэта не масава, не прыгожая карцінка для Еўропы, але мы ж робім упор на рэжым. Было б прыгожа, калі б Еўропа бачыла столькі дзён запар 100-тысячныя маршы, але мы ж разумеем праз што людзям даводзіцца праходзіць, каб хадзіць на маршы".

Як добры прыклад супраціву яна называе арганізацыю страйкамаў і ўзмацненне ролі незалежных прафсаюзаў на прадпрыемствах. 

Што да міжнародных сувязяў, то ў каманды Ціханоўскай былі кантакты не толькі ў Еўрасаюзе, але ў Крамлі. Праўда, як прызнаецца Дабравольскі, неафіцыйныя і не на самым высокім узроўні. Ніякіх значных вынікаў гэтыя кантакты не далі. 

"Некаторыя сказалі: "Мы вам спачуваем, але ўдзельнічаць не можам". Адзін сказаў: "Мы ганарымся, што Беларусь так сябе паказвае, але калі ў Расіі мы паспрабуем гэта праініцыяваць, у нас будуць праблемы". А некаторыя сказалі: "Пачакайце, ужо ідзе праца, хутка прыціснуць вашага гэтага, але мы не будзем спрыяць прамым перамовам". Але нельга сказаць, што гэта ўсе былі кантакты з людзьмі, якія прымаюць рашэнні — гэта проста людзі, якія могуць данесці інфармацыю або калі з імі будуць размаўляць, яны змогуць нешта параіць ці паўплываць", — дзеліцца ён дэталямі.

Тым часам з боку ЕС рыхтуецца не толькі трэці, але і чацвёрты пакет санкцыяў супраць кіраўніцтва Беларусі. Яны будуць прынятыя, калі гвалт не спыніцца, а палітвязняў не вызваляць. "Трэці пакет санкцый будзе прыняты праз два тыдні, чацвёрты і пяты, хутчэй за ўсё, у студзені і лютым. І самае галоўнае, каб санкцыі балансаваліся дапамогай беларусам: роўна столькі, колькі накладваецца санкцый, павінна быць і дапамогі рэпрэсаваным, бізнэсу, рабочым, студэнтам. Вельмі важна, што калі мы б'ем па Лукашэнку, Мы пры гэтым працягваем руку беларусам", — тлумачыць Вячорка.

Закранулі ў размове і запрашэнне Ціханоўскай на інаўгурацыю новаабранага прэзідэнта ЗША Джо Байдэна. Па словах Вячоркі, запрашэнне ў Вашынгтон ёсць на апошнюю дэкаду студзеня. Але гэта не афіцыйнае запрашэнне ад Байдэна. 

"Афіцыйнага запрашэння ад Байдэна няма і быць не можа — паводле заканадаўства ЗША гэта забаронена, бо прэзідэнт, якога абралі, да ўступлення на пасаду не можа весці замежнай палітыкі. Але вельмі шмат і сенатараў, і кангрэсменаў, і палітыкаў, і акадэмічных устаноў чакаюць Святлану там. Святлана на наступным тыдні ў фармаце анлайн сустрэнецца з экспертнай супольнасцю Вашынгтона, хутчэй за ўсё, сустрэнецца з намеснікам дзяржсакратара Стывенам Біганам", — дадае Вячорка.

Тым часам сама Святлана рыхтуе навагодняе віншаванне для беларусаў. Але што ў ім будзе — пакуль сакрэт.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі