Вы тут

Ціханоўская: дэмсілы — супраць удзелу Беларусі ў ваенным канфлікце

Святлана Ціханоўская

Святлана Ціханоўская пракаментавала сцягванне расійскіх войскаў у Беларусь, у тым ліку да беларуска-ўкраінскай мяжы.

Палітык падкрэсліла, што дэмакратычныя сілы Беларусі выступаюць катэгарычна супраць удзелу нашай краіны ў ваенным канфлікце на чыім-небудзь баку. "Гэта супярэчыць імкненню да нейтралітэту, закладзенаму ў дзеючай версіі Канстытуцыі. Нагадаю, што яна яшчэ не адмененая", — кажа Ціханоўская.

Яна адзначае, што для беларускага рэжыму становіцца нормай стан ваеннай экскалацыі: "Лукашэнка не здольны вырашаць эканамічныя праблемы, таму шукае ворагаў і адкладае рэформы. Гэта пагаршае і без таго няпростае становішча грамадзян Беларусі"

Ціханоўская выступае катэгарычна супраць уцягвання Беларусі ў гібрыдны канфлікт, які развязваецца супраць Украіны. Запрашэнне расійскіх войскаў у перыяд палітычнага абвастрэння яна расцэньвае як несяброўскі крок у адносінах да Украіны. "Вобраз Беларусі як мірнай і сяброўскай краіны разбураны канчаткова", — канстатуе яна.

На думку Ціханоўскай, нацыянальным інтарэсам Беларусі не адпавядае рэгулярнае з'яўленне на яе тэрыторыі замежных войскаў, бо гэта нясе пагрозу незалежнасці краіны і павышае напружанасць у рэгіёне. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.