Ці заблакуе Лукашэнка YouTube? Меркаванне аналітыка Аляксандра Класкоўскага
Аляксандр Класкоўскі / Еўрарадыё
Палітычны аналітык інфармацыйнага агенцтва "Позірк" Аляксандр Класкоўскі лічыць малаверагоднай поўную блакіроўку YouTube у Беларусі, нягледзячы на патрабаванні прапагандыстаў пасля выдалення каналаў дзяржаўных СМІ.
"Увогуле, зараз малаверагодна, што Лукашэнка пойдзе на заклік сваіх недальнабачных "трубадураў" і зусім вырубіць YouTube у краіне. Што не выключае ў перспектыве заціскання гаек у гэтай сферы", — адзначае Класкоўскі.
Ён таксама дадаў: "Гэта [адключэнне YouTube] можа раззлаваць апалітычную публіку, а галоўнае — чалавека, з якім беларускі аўтакрат хоча заключыць вялікую здзелку".
Прапагандысты прапануюць прызнаць YouTube "экстрымісцкай пляцоўкай" і цалкам заблакіраваць сэрвіс. У Міністэрстве інфармацыі адказваюць, што хацелі б захаваць за сабой права на прыняцце неабходных мер рэагавання.
Аналітык адзначае, што поўная блакіроўка папулярнай інтэрнэт-платформы палітызуе аўдыторыю, якая карыстаецца ёю пераважна для забаў, а таксама можа справакаваць эканамічныя і тэхналагічныя цяжкасці.
Па меркаванні Класкоўскага, хутчэй за ўсё ўлады не адважацца на поўную забарону, але будуць абмяжоўваць асобныя каналы і ўзмацняць кантроль над кантэнтам.