Ці вядзе апазіцыя выбарчую кампанію?

Чым бліжэй дзень выбараў у Палату прадстаўнікоў, тым гучней заявы прадстаўнікоў апазіцыі аб зняцці іх кандыдатаў з перадвыбарнага марафону. Часам нават з’яўляюцца паведамленні пра тое, што той ці іншы кандыдат не абмежаваўся пагрозамі, а сапраўды сышоў з дыстанцыі. Але сыходзяць яны так , як і праводзілі гэтыя тыдні першага этапу змагання за дэпутацкі мандат – амаль незаўважна для выбарнікаў. Гэта пры тым, што, не верачы ў магчымасць дэмакратычных выбараў, дэмакраты ішлі на іх нібыта для таго, каб скарыстаць гэтую магчымасць і на дзяржаўныя сродкі данесці да людзей сваю пазіцыю. Еўрарадыё вырашыла даведацца, чаму апазіцыянеры сыходзяць, нават не надрукаваўшы на грошы Цэнтравыбаркама свае перадвыбарныя праграмы.

Экс-старшыню Нацбанка Беларусі Станіслава Багданкевіча, па яго прызнанні, узяць удзел у выбарах угаварылі аднапартыйцы. Кажа, ён і не планаваў ісці на іх да канца. Але і зняцца зараз спакойна не можа.

Станіслаў Багданкевіч: “Выспела думка наконт таго, каб зняцца на апошнім этапе. Але ўзнікаюць некаторыя праблемы, звязаныя з неабходнасцю вяртання скарыстаных на выбары грошай з уласнай кішэні ў такім выпадку. Калі я гэтую праблему вырашу, то ўдзельнічаць на апошнім этапе ў знак пратэсту супраць такіх нелегітымных выбараў не буду. Таму і асаблівага запалу не праяўляю на цяперашнім этапе”.

Тым часам, на выбарчай акрузе Станіслава Багданкевіча няма ніводнай улёткі з яго праграмай, партрэтам і гэтак далей. Як высветлілася, грошы кандыдата скарысталі яго давераныя асобы і без яго ведама на крыху іншыя, чым рэклама яго асобы, патрэбы.

Станіслаў Багданкевіч:
“Нашая партыя калектыўна штосьці замовіла, не зусім пытаючыся мяне… У мяне ж давераныя асобы ёсць, яны маюць права за мяне пэўныя пытанні вырашаць. І вось так атрымалася, што давядзецца вяртаць. Бо фактычна грошы траціліся”.

Лідскі кандыдат ад БНФ Станіслаў Суднік матэрыялы, па яго словах, падрыхтаваў загадзя, але ў друк іх не накіроўваў – вызначаўся з працягам свайго удзелу ў выбарах. Адзінае – выступіў па радыё і тэлебачанні ды правёў 2 сустрэчы з выбарнікамі.

Станіслаў Суднік: “Друк, у сувязі з ціскам на мяне з боку… Ці, скажам, у адпаведнасці з рашэннем Сойма аб неабходнасці здымацца, я прыпыніў. Хоць у мяне ўсё было гатова. Але я не друкаваў ні ўлётак, ні плакатаў, бо за ўсё гэта трэба было б вяртаць грошы. А грошы мне ніхто не гарантаваў кампенсаваць. А сваіх у мяне няма, каб выкідаць на гэтую справу. Таму я спачатку прытрымаў друк, пакуль канчатковае рашэнне прымалася, і нічога не друкаваў”.

Рыхтаваў свае матэрыялы да друку Станіслаў Суднік ці не, зараз удакладніць цяжка. Праўда, гэта і не мае вялікага значэння для выбарнікаў яго акругі – яны іх так і не пабачылі.

Нагадаем, Станіслаў Суднік быў адным з тых, хто падпісаў так званую “Заяву 15-ці”, у якой кандыдаты ад БНФ адмовіліся выконваць рашэнне Сойму партыі і здымаць свае кандыдатуры з выбараў. А вось яго аднадумца, таксама падпісант той заявы, Юрась Губарэвіч такой абачлівасці не праявіў і ўлёткі ўжо надрукаваў. Што, па яго словах, зрабілі і астатнія 13 парушальнікаў партыйнай дысцыпліны. Праўда, яго пытанне вяртання грошай не асабліва хвалюе, бо палітык збіраецца ў выбарах удзельнічаць да канца. А вось астатнім, калі яны раптам узгадаюць пра дысцыпліну і пажадаюць выканаць рашэнне Сойму, па словах намесніка старшыні Партыі БНФ Віктара Івашкевіча, давядзецца разлічвацца з дзяржавай самастойна.

Віктар Івашкевіч: “У рашэнні Сойма БНФ было канкрэтна сказана: “Рэкамендуем кандыдатам ад БНФ не карыстацца дзяржаўнымі сродкамі для агітацыі, а выкарыстоўваць фронтаўскія матэрыялы для распаўсюду з тлумачэннем пазіцыі партыі”. Таму калі хтосьці і браў сродкі, то гэта ён рабіў насуперак рэкамендацыям Сойма і гэта яго прыватныя праблемы”.

Атрымліваецца, што БНФ выстаўляла сваіх кандыдатаў на выбары толькі для таго, каб тыя распаўсюджвалі праграму партыі і не больш за тое.

Яшчэ больш дзіўна паступіў намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Януковіч. Ён у якасці кандыдата ў дэпутаты не толькі не надрукаваў свае ўлёткі, але нават не правёў ніводнай сустрэчы з выбарнікамі, не выступіў ні па радыё, ні па тэлебачанні. Па звестках, ён з’ехаў па справах за мяжу.

Разважаючы над дзеяннямі апазіцыі, застаецца незразумелым, навошта яны пайшлі на гэтыя выбары. І чаму так і не данеслі сваё слова да выбарнікаў. Эканомілі сродкі дзяржавы?

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі