Ці варта кандыдатам ўдзельнічаць у тэледэбатах?

Аўдыёверсію размовы з Вінцуком Вячоркам можна паслухаць тут 120312 Viachorka s.mp3 

з Аляксандрам Мілінкевічам - тут120312 Milinkevich s.mp3.

Еўрарадыё: Як вы ставіцеся да прапановы Лідзіі Ярмошынай, каб падчас кампаніі былі шырокія тэле і радыёдэбаты?


Вінцук Вячорка: Яна нічога не казала пра “шырокія” дэбаты. Але сам факт, што прагучала нейкае новае слова, паказвае, што ўлада нервуецца. Гэта ж не Ярмошына прымае такія рашэнні, а пэўная стратэгічная група каля Лукашэнкі. Яны хвалююцца. Відавочна, што ідэя байкоту, якая заваёўвае ўсё болей душаў палітычна актыўных суайчыннікаў, пачынае іх трывожыць. Таму яны выдумляюць розныя моркаўкі, падвешаныя на вуду, каб вослік за гэтай моркаўкай пакорліва ішоў. Усё гэта мае вельмі мала сэнсу, бо падаецца маніпуляцыяй: не сказана, у жывым эфіры гэта будзе ці ў запісе; у які час гэта будзе і з чыім удзелам. Тэлевізійныя дэбаты маюць сэнс тады, калі ў іх удзельнічаюць рэальныя апаненты. Той факт, што Аляксандр Лукашэнка не з’явіўся на памятныя дэбаты перад прэзідэнцкімі выбарамі, засведчыў і ягонае стаўленне да гэтых выбараў, і засведчыў тое, што ўсё прадвызначана без ніякіх дэбатаў.

Аляксандр Мілінкевіч: Ясна, што няма выбараў сумленных, няма дэмакратычных, адкрытых. Але на тое і палітыкі, каб выкарыстоўваць кожную магчымасць і дамагацца, каб іх папулярнасць была больш высокая, каб іх зразумелі. У мяне пазіцыя такая, што выкарыстоўваць трэба і тое, што прапануе Ярмошына, і тэлебачанне, і сустрэчы з людзьмі. Трэба паказаць людзям, што ёсць альтэрнатыва, ёсць пазітыўная альтэрнатыва. Гэта праблема самая галоўная ў Беларусі сёння. Людзі сумняюцца, ці камусьці іншаму можна перадаць уладу, а ў Лукашэнку ўжо не вераць.

Еўрарадыё: А ці шмат апазіцыйных палітыкаў могуць адгукнуцца на прапанову Лідзіі Ярмошынай і прыняць ўдзел у дэбатах?


Вінцук Вячорка: Я мяркую, што для тых, хто вымушаны з аднаго боку зважаць на настроі дэмакратычнай грамадскасці і асуджаць псеўдавыбары, а з другога боку вымушаны (або нават хоча) гуляць паводле нейкіх уладных сцэнароў – той атрымае аргумент за тое, каб гуляць паводле гэтых ўладных сцэнароў.

Безумоўна, калі чалавек, які пагодзіцца ў гэтым удзельнічаць, будзе цвёрда стаяць на пазіцыі, што ён, скажам, здымецца за некалькі дзён – ён гэта агучыць можа. Але ёсць сур’ёзная небяспека, якая караніцца і ў людской псіхалогіі, што мала хто, анансаваўшы сваё зняццё, за пяць дзён папраўдзе здымецца. Маўляў, зашмат ужо намаганняў укладзена, людзі паслухалі-паверылі. А ўсё будзе як заўсёды: ніякімі тэледэбатамі не скрэсліш таго “медыцынскага” факту, што скрынка для галасавання стаіць пяць начэй без незалежнага нагляду.

Аляксандр Мілінкевіч: Я думаю, што для ўлады нават выгадна, каб апазіцыя не пайшла, каб яна байкатавала, таму што тады змагання не будзе: вылучаць аднаго доктара, аднаго настаўніка, ім не так важна было б, хто ж з іх пераможца, бо абодва чалавекі будуць ад улады. Тады выбары прызнаваць?

Вельмі важна паказаць людзям, што мы ёсць. Той, хто ўдзельнічаў у кампаніі, ведае, што людзі пытаюцца наступным чынам: “Вы нам тут усё расказваеце, што Лукашэнка кепскі. Гэта мы і самі ведаем. А чым пры вас будзе лепш?” Калі мы не ўдзельнічаем у такіх тэледэбатах, у выступах, калі мы не сустракаемся з людзьмі і не маем з імі кантакту і дыскусіі, то як мы дакажам гэта? Хаця б словам даказаць!

Еўрарадыё: Ці варта палітыкам прыходзіць на дэбаты? Магчыма, на іх паставяць вельмі здзеклівых вядоўцаў і палітыкі могуць нядобра сябе прадставіць…


Мілінкевіч: Мы жывем у расійскай інфармацыйнай прасторы, можа хтосьці бачыў дэбаты Прохарава з Жырыноўскім. Калі б апазіцыя ўмела, як Прохараў выступаць: не рэагаваць на хамскія выпады, на несумленнасць, на няшчырасць, а быць прыстойным чалавекам –  то гэта заўсёды людзі ацэняць. А хто баіцца тэледэбатаў, хто баіцца хлусні ці хамства – то і палітыкай не трэба займацца. Палітыка – гэта жорсткая штука, асабліва ў нашых дыктатарскіх умовах. Я яшчэ адно скажу. У апазіцыі няшмат людзей, якія могуць выйграць выбары. Людзі сумленныя, хочуць жыць у лепшай краіне, але не ўсе ўмеюць гаварыць, не ўсе ўмеюць фармуляваць думку, пераконваць з аргументамі. Таму я пайшоў бы меншай колькасцю кандыдатаў, але прыстойнымі, годнымі, якія ўмеюць гэта. Каб пераканаць, што ёсць альтэрнаcыва.

Еўрарадыё: Ці будзеце вы займацца падрыхтоўкай кандыдатаў?


Мілінкевіч: Мы самі не вылучаем кандыдатаў. Мы проста адбярэм тых, хто адпавядае нашым стратэгічным мэтам: еўраінтэграцыя, дэмакратычная незалежная Беларусь і будзем іх падтрымліваць. Мы лічым, што лепш менш кандыдатаў, але лепшай якасці. І мы будзем іх рыхтаваць, будзем трэніраваць. Таму што і моладзь мусіць быць гатовая – усё ж такі будуць на Беларусі нармальныя выбары. І ўжо сёння падрыхтоўка ідзе. Але мы гатовыя пайсці на выбары толькі калі будуць вызваленыя палітвязні. Можна лічыць, што гэта актыўны байкот, бо мы байкатуем, калі калегі нашы ў турме. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі