Ці пасадзілі б у Беларусі за такі пост, які ў Расіі напісаў Сілівончык?

З Маскоўскага акруговага вайсковага суда Еўрарадыё атрымала копію старонак з пастановы суда, у якіх прыводзяцца канкрэтныя сказы, за якія хлопец трапіў пад крымінальны пераслед: “Забівай маскалёў! Зладзім рускім наймітам пекла на іх зямлі — узарвем іх дамы, заб’ем іх сем’і!” Гэта, дарэчы, адзіны эпізод, па якім Сілівончыка судзілі.

Аднак пабачыць той апублікаваны допіс сёння немагчыма. Пошукавыя сістэмы яго не выдаюць. На старонцы Сілівончыка яго таксама няма, нават калі шукаеш тэкст у так званым "кэшы".

“Вы думаеце, запіс з заклікамі экстрэмісцкага характару павінны захаваць? Каб ён дзейнічаў на розумы і сэрцы людзей? Судовы пераслед за злачынствы і існуе для таго, каб яны спыняліся”, — даводзіць прэс-сакратар Маскоўскага акруговага вайсковага суда Ірына Жырнова

Маці асуджанага за "тэрарызм" беларуса: "Сказалі, была наводка з Беларусі"

Адказу на пытанне, як выявілі злачынны запіс у сацсетках і хто гэта зрабіў, у судзе не ведаюць. Справа ў тым, што Сілівончык цалкам прызнаў сваю віну і заявіў хадайніцтва аб разглядзе яго справы ў асаблівым парадку. Таму суд не даследаваў даказальную базу. Выявіць запіс маглі аператыўныя супрацоўнікі ці праваахоўнікі, якія ў Расіі займаюцца кантролем інтэрнэту. Не варта забываць і тое, што працаваў Кірыл на стратэгічным прадпрыемстве, пры гэтым доступ да сваёй праўкраінскай старонкі ў сацсетках ён не абмяжоўваў.

Сілівончык працаваў на расійскім вайсковым заводзе

Гутарыў Сілівончык пра свой пост і з мамай Наталляй Віктараўнай.

“Кірыл казаў, што запіс быў”, — коратка пацвярджае інфармацыю мама.

Тым не менш жанчыне дагэтуль не верыцца ў тое, што сын па сваёй волі і самастойна мог так груба выказацца ў дачыненні да Расіі. Тым больш што там працаваў.

“У справе шмат падводных камянёў. Кірыл размаўляў па-беларуску, я да гэтага ставілася добра. Але палітычных пытанняў дома ніколі не ўздымалася. Таму калі ён выказаў меркаванне ў дачыненні да Расіі, для ўсіх гэта стала шокам. Таму закраліся думкі, што яму нешта нехта там падпісаў”, — дзеліцца здагадкамі Наталля Віктараўна.

Дарэчы, як паведамляе “Радыё Свабода”, свайму новаму адвакату Святлане Лакціёнавай Сілівончык таксама перадаў, што сапраўды размяшчаў запіс у сябе на сцяне. Але гэта быў усяго толькі перапост.

Цікава, ці пасадзілі б у Беларусі за такі самы запіс пра пекла для маскалёў? Скажам, калі б Кірыл Сілівончык перапосціў яго, знаходзячыся ў Гомельскай вобласці?

“Магу пракаментаваць толькі канкрэтныя крымінальныя справы, якія знаходзяцца ў нашай вытворчасці”, — кажа галоўны інспектар Упраўлення Следчага камітэта па Гомельскай вобласці Марыя Крываногава.

Зазвычай справамі, звязанымі з тэрарызмам, у Беларусі займаецца КДБ. У гэтым ведамстве карэспандэнта Еўрарадыё знаёмяць з артыкулам 290 Крымінальнага кодэксу (“Пагроза здзяйсненнем акту тэрарызму”). За такое злачынства прадугледжана пакаранне ад арышту да пазбаўлення волі тэрмінам да васьмі гадоў.

“Вы павінны правільна разумець. Чалавек можа балбатаць усё што заўгодна. Але роля экспертаў заключаецца ў тым, каб выявіць, сапраўды гэта былі пагрозы здзяйснення акту тэрарызму ці звычайная балбатня”, —акцэнтуе ўвагу прэс-сакратар КДБ Дзмітрый Пабяржын.

Выходзіць, не маеш канкрэтнага намеру — не будзеш пакараны. Дарэчы, прачытаць перапост Кірыла Сілівончыка на яго старонцы ў сацсетках магло не так і шмат людзей. У хлопца ўсяго 112 сяброў. Дый увогуле пра нейкія выпадкі, калі ўкраінцы ці беларусы накіроўваліся ў Расію, каб “узрываць дамы маскалёў”, вядома не было. Тым не менш некарэктны і неабачлівы перапост абярнуўся для нашага земляка сапраўднай праблемай.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі