Ці падаражэе малако ад эксперыменту, які прапанаваў Лукашэнка?

Ужо як мінімум двойчы кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка казаў пра свабодныя закупачныя цэны на малако. І падчас сваёй паездкі на Магілёўшчыну дае малочнікам гэтай вобласці карт-бланш: праз тыдзень пачнецца эксперымент па свабодным цэнаўтварэнні на малочную сыравіну.

«Выйграеш ты — і ўсё малако тваё  ў  Магілёўскай вобласці. І ніхто нас не папракне — мы свабодна далі заняць сыравінную зону», — кажа пра эксперымент кіраўнік дзяржавы.

Калі вопыт будзе паспяховым, яго перакінуць на ўсю краіну.

Старшыня ААТ «Барок-агра» Юрый Ждановіч кажа, што гэта добра — правесці такі эксперымент.

«Цэны на малако-мяса стаяць на месцы. Але ўсё даражэе! Электраэнергія даражэе. Цяпер вельмі шмат яе ідзе на сушку кармоў, а запчасткі каштуюць шалёных грошай, а паліва падаражэла!» — успамінае пра сённяшняе падаражэнне паліва і дызпаліва на 5% старшыня гаспадаркі.

Цяпер малако экстра-класа ў яго купляюць па 4280 рублёў за літр, найвышэйшага гатунку — за 3600, а першага класа — за 3400 рублёў за літр.

«Малако экстра-класа павіннае цяпер каштаваць прыкладна 5500 за літр», — на хуткую руку прыкідвае старшыня таварыства, але тут жа нявесела дадае, што ад эксперыменту ніякай карысці няма, бо сыравіну ў іх купляе толькі адзін манапаліст — «Бабуліна крынка».

Тэлефануем у некалькі крамаў гандлёвай сеткі «Квартал смаку» — гэта адмысловая магілёўская сетка, — і паўсюль адказ: прыкладна 85% малочнай прадукцыі ад «Бабулінай крынкі». Канкурэнцыю ім складае толькі брэсцкі «Савушкін прадукт» ды «Смалявіцкі малочны завод».

У холдынгу «Бабуліна крынка» намеснік дырэктара па эканамічных пытаннях Сяргей Галухін сумняваецца, што цана малака вырасце.

«Я не бачу перадумоў для павышэння цэнаў, прынамсі на ўнутраным рынку. Цану ствараюць попыт і прапанова. Прадпрыемства купіць сыравіну па той цане, што будзе суадносіцца з рынкам. У «Бабулінай крынкі» ёсць канкурэнцыя і ў нашай вобласці», — кажа мне прадстаўнік малочнага холдынгу, які вырабляе каля 80% ад ўсяго аб'ёму малака ў вобласці і закупляе сыравіну ў 19 з 21 раёнаў Магілёўскай вобласці.

Намеснік начальніка па сыравіне Нона Тарасенка ад любых каментароў адмаўляецца, але нечакана заўважае: гэтая эйфарыя ад эксперыменту нічога добрага не прынясе, але спадзяецца, што ўлады на месцах прымуць разумнае рашэнне:

«Вось тут узрадаваліся, усе у эйфарыі, але дзе тут эйфарыя? Мне б хацелася, каб ўсе памяталі, што перапрацоўка малака  і выраб – гэта адзін бізнэс. Калі дзяржаўнаму прадпрыемству ці калгасу даюць волю неведама на што!.. Калі прадукт не сацыяльна-значымы (а гэта сыркі, масла – заўвага Еўрарадыё) і калі вырастуць закупачныя цэны, натуральна, будзе расці і цана выніковая. Бо кошт сыравіны ў сабекошце малака складае каля 69-75%. Глядзіце, колькі застаецца на ўсё астатняе», — падлічвае Нона Якаўлеўна.

На транспартныя выдаткі, цеплаэнергію, заробкі, агульнагаспадарчыя ды камерцыйныя выдаткі застаецца меней за 25%. У тым ліку на заробак застаецца меней за 4%!

Заўважым, што за год, з траўня 2013 года па травень 2014, сярэдняя цана на малако вырасла на 35%.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі