Вы тут

Ці можна перамагчы паркуноў у Мінску? Супрацьстаянне ля будынка МАРГ і Мінспорту

Паркоўка ўздоўж вуліцы Свярдлова нядаўна стала платнай. Фота: Еўрарадыё

У цэнтры Мінска паркоўка ўздоўж вуліц амаль усюды стала платнай. У мінулым месяцы бясплатную паркоўку забаранілі, у прыватнасці, на вуліцах Свярдлова і Кірава. Некаторыя кіроўцы вырашылі: навошта плаціць, калі хапае месца на ходніках і зялёнай зоне.

Мінчанін Дзмітрый вырашыў прыбраць "паркуноў" з тратуара каля будынку Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю і Міністэрства спорту і турызму па адрасе вул. Кірава, 8/1. Як рэагуе ДАІ, чаму кіроўцы не жадаюць ставіць машыны на вольныя месцы на платнай паркоўцы і якія ёсць спосабы барацьбы з парушэннем правілаў паркоўкі — чытайце ў матэрыяле Еўрарадыё.

"Ці то ДАІ не прыязджае, ці то прыязджае, але штрафы не выпісвае"

"Я кожны дзень там праходжу па дарозе на працу. Паркавацца на тратуары і пад елкамі каля будынка па вул. Кірава, 8/1 з боку вуліцы Свярдлова кіроўцы пачалі, калі паркоўка ўздоўж вуліцы стала платнай, — распавядае Зміцер. — З парушэннямі паркуюцца ўвесь час ад 8 да 15 машын. Калі спачатку "паркуны" стаялі на адростку тратуара і нікому не заміналі, то з часам яны сталі проста перагароджваць тратуар, па якім ходзяць пешаходы".

Па словах мінчука, ён стаў ці ледзь не кожны дзень тэлефанаваць і паведамляць аб парушэннях правіл паркоўкі па тэлефоне 102. Спачатку колькасць "паркуноў" не памяншалася — "ці то ДАІ не прыязджала, ці то прыязджала, але штрафы не выпісвала", кажа ён. Сур'ёзныя зрухі адбыліся на гэтым тыдні, калі ён пачаў тэлефанаваць адразу ў ДАІ па тэлефоне 8 (017) 222-17-17.

"Патэлефанаваў у сераду ў ДАІ, потым мне ператэлефанавалі і яшчэ раз ўдакладнілі месца парушэння — і ў чацвер на тым месцы прыпаркаваныя толькі тры машыны. Але ў пятніцу кіроўцы, мабыць, вырашылі, што больш іх не аштрафуюць — зноў восем машын на тратуары", — распавядае Зміцер.

"ДАІ адпрацоўвае ўсе званкі аб парушэннях правіл паркоўкі, 100%"

Афіцыйны прадстаўнік УДАІ Ленінскага раёна Мінска Таццяна Новікава заявіла Еўрарадыё, што ДАІ рэагуе на кожны званок аб парушэннях:

"Пры паступленні ў 102 званка аб парушэнні правілаў паркоўкі інфармацыю перадаюць у ДАІ. ДАІ выбывае па адрасе, 100%, адпрацоўвае. Калі машыны перашкаджаюць праезду ці ўборцы, прыцягваецца эвакуатар, і машыны парушальнікаў буксіруюць на штрафстаянку. Калі машыны проста стаяць з парушэннямі, кіроўцаў у любым выпадку прыцягваюць да адказнасці — выпісваюць штрафы".

Па словах Таццяны Новікавай, іншых мер уздзеяння, акрамя штрафаў, на парушальнікаў правіл паркоўкі беларускае заканадаўства не прадугледжвае. Аднак за паўторнае на працягу года парушэнне штраф павялічваецца.

Артыкул 18.22 КаАП РБ. Парушэнне правілаў спынення і стаянкі транспартнага сродку, а таксама іншых правілаў дарожнага руху

1. Спыненне або стаянка транспартнага сродку з парушэннем правілаў дарожнага руху — цягнуць папярэджанне або накладанне штрафу ў памеры адной базавай велічыні.

2. Дзеянні, прадугледжаныя часткай 1 гэтага артыкула, учыненыя паўторна на працягу аднаго года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такія ж парушэнні, альбо неправамерная стаянка транспартнага сродку на месцы, адведзеным для стаянкі транспартных сродкаў інвалідаў, — цягнуць накладанне штрафу ў памеры дзвюх базавых велічынь.

Прадстаўнік ДАІ шчыра здзіўляецца, чаму мінскія кіроўцы замест платных парковак ставяць машыны з парушэннямі:

"На платных паркоўках свабодных месцаў шмат, і не толькі ў нашым раёне. Я не разумею, які сэнс кожны дзень аплачваць штрафы, калі можна купіць абанемент на платнай паркоўцы".

"Напэўна, людзі проста пакуль не прывыклі да платных парковак. Можа быць, калі супрацоўнікі ДАІ будуць прыцягваць да адказнасці, менталітэт кіроўцаў зменіцца, і яны пачнуць звяртаць увагу на платныя стаянкі, каб выключыць праблемы", — падсумоўвае Таццяна Новікава.

Інструкцыя: як пакараць парушальнікаў правіл паркоўкі

Калі вы сталі сведкам парушэння правілаў паркоўкі:

1. Можна патэлефанаваць на нумар 102 і паведаміць аб парушэнні ў дзяжурную службу міліцыі. Адтуль інфармацыю перададуць у ДАІ. Ніякіх дадзеных пра сябе даваць не трэба.

2. Можна патэлефанаваць непасрэдна ў дзяжурную службу ДАІ па тэлефоне 8 (017) 222-17-17, адкуль інфармацыю перададуць у раённую ДАІ. Тут вас папросяць пакінуць свой нумар тэлефона і прозвішча і імя.

3. Каб гарантавана прыцягнуць парушальніка да адказнасці, трэба сфатаграфаваць парушэнне і адправіць на e-mail ГУУС Мінгарвыканкама фота з адрасам і заяву на імя начальніка ДАІ Мінска. Шаблон ліста, у які трэба толькі ўставіць свае дадзеныя, можна спампаваць тут.

Больш важных і цікавых навінаў у праграме "Еўразум" за 07.12