Ці гатовае беларускае войска да маштабнага наступу на Украіну?

Навабранцы беларускіх ССА рыхтуюцца да свайго першага скачка з парашутам / фота Мінабароны Беларусі
Навабранцы беларускіх ССА рыхтуюцца да свайго першага скачка з парашутам / фота Мінабароны Беларусі

Брытанская выведка паведамляе, што Лукашэнка спрабуе балансаваць і не хоча ўцягваць беларускія войскі ў вайну. Уварванне Беларусі ва Украіну на дапамогу расійскім "вызваліцелям" — гэта рэальна?

— Я далёкі ад думкі, што Лукашэнка з чымсьці там балансуе, — сумняваецца ў звестках брытанскай выведкі ваенны эксперт Ягор Лебядок. — Ён верны хаўруснік Пуціна. Ён можа ідэйна трымацца за сваю ўладу тут, але ні ў якім разе ён не балансуе.

Датычна таго, ці пойдзе [Лукашэнка] вайной — падрыхтоўка ідзе поўным ходам па ўсіх напрамках, ідзе ваенная і ідэалагічная напампоўка. Але палітычныя рашэнні складана прадказваць. Захочацца — і ўсё.

Ёсць суіцыдальныя палітычныя рашэнні. Нягледзячы на ўсю негатоўнасць і нежаданне, яны прымаюцца. Таму што яны альбо памылковыя, альбо здаецца, што "а можа, спрацуе". Як, напрыклад, у Пуціна. Нібыта і групоўку падрыхтавалі, а стратэгічны план такі дурны, што загубілі частку гэтай групоўкі. У выніку ўкляпаліся, умоўна кажучы. Так можа быць і тут.

Уявім, што насуперак здароваму сэнсу аддадзены загад аб наступе. Што чакае беларускія войскі ва Украіне?

— Ва ўкраінцаў ужо было шмат баёў. Яны гатовыя, абстраляныя. Там збольшага не салдацікі васямнаццацігадовыя ваююць, а нармальныя мужыкі, — кажа Ягор Лебядок. — Войска [Беларусі] нідзе не ваявала, нават у паўнавартасных міратворчых аперацыях не брала ўдзелу. Казахстан быў, умоўна кажучы, проста цырк [маецца на ўвазе адпраўка міратворчага кантынгенту ад Беларусі ў студзені 2022 года]. Таму праблема ёсць.

Калі войска ваявала, не трэба яе асабліва перабольшваць, што там, маўляў, "мегатэрмінатары". Усе людзі баяцца смерці. Галоўны момант — наколькі разумныя вайсковыя кіраўнікі. У плане стратэгічнай пабудовы абароны ўкраінцы вельмі малайцы, адпрацавалі, пытанняў няма. Праціўніка яны сустрэлі належным чынам.

З пункту гледжання гатоўнасці не сказаць, каб беларускае войска было гатовае да маштабнага наступу на нейкую дзяржаву. Нават на Літву, нягледзячы на заявы "Літву мы возьмем за тры дні". Шмат такіх "герояў" было. Кіеў таксама "за тры дні" бралі.

Готова ли белорусская армия к масштабному наступлению на Украину?
Ці хочуць беларускія салдаты ваяваць ва Украіне? / фота Мінабароны Беларусі

Ці трэба было Украіне адказваць на ракетныя абстрэлы з Беларусі?

— З ваеннага пункту гледжання трэба ўлічваць, што ва Украіны рэсурсы не бязмежныя, — лічыць Ягор Лебядок. — Пра рэсурсы Расіі кажуць, што яны заканчваюцца, і гэтая песня ідзе ўжо трэці месяц. Ва Украіны рэсурсы таксама абмежаваныя ў частцы ракетна-артылерыйскага ўзбраення. Хоць, безумоўна, ракетныя комплексы на нашай тэрыторыі — гэта адна з прыярытэтных мэт.

Датычна палітычнай часткі — рашэнне [не наносіць удар па Беларусі], натуральна, правільнае. Гэта дэманстрацыя таго, што вядзецца выключна абарончая вайна за незалежнасць дзяржавы. Маўляў, сыдзіце адсюль, і ніхто на вас [на Беларусь] нападаць не будзе. Іх [украінцаў] абвінавачвалі, што з іх тэрыторыі напад рыхтуецца — а яны не нападаюць. І гэта разбурае ўсе догматы Пуціна — Лукашэнкі і дапамагае выбудоўваць эфектыўную камунікацыю на міжнароднай арэне. І ў тым ліку за кошт гэтага дапамагае заручацца падтрымкай узбраеннем.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі