Ці дзeйнічаюць у Мінску ўзброеныя банды гандляроў “спайсам”?

У сярэдзіне чэрвеня жыхарка Мінска Д.П. паскардзілася на тое, што пацярпела ад прадаўцоў курыльных сумесяў. Канфлікт, па яе словах, здарыўся ў дварах па вуліцы Усходняй з-за банальнай заўвагі. Па словах жанчыны, яе і мужа выбавілі з кватэры, збілі і расстралялі з пнеўматычнай зброі.

Аказалася, што міліцыя звярнула ўвагу на выпадак яшчэ да выхаду матэрыялу на Еўрарадыё.

“Канфлікт насамрэч здарыўся падчас сумеснай п’янкі, усе разам знаходзіліся ў кампаніі, пачалі высвятляць ― хто чыя дзяўчына і гэтак далей, ― распавядае Аляксей Макурын, намеснік начальніка Упраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі ГУУС Мінгарвыканкама. ― Усе ўдзельнікі сітуацыі адно аднаго добра ведалі. Аказалася, што гэта асобы, схільныя да спажывання спіртных напояў”.

У міліцыі журналісту Еўрарадыё паказалі дакументы, згодна якім Д.П. некалькі разоў…прыцягвалася да адказнасці за недагляд за дзецьмі.

Момант з продажам “спайсу”, як высветлілася, не быў прычынай канфлікту, ― працягвае Аляксей Макурын. ― Інфармацыя пра тое, што ў двары дзейнічала банда наркагандляроў з бітамі і пісталетамі, не пацвердзілася. Хоць раней у раёне дамоў, дзе здарылася бойка, сапраўды затрымалі пяць чалавек за распаўсюджванне курыльных сумесяў. Па гэтых фактах вядзецца следства, і людзі з вялікай доляй верагоднасці будуць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці. Што тычыцца нанясення цялесных пашкоджанняў, то па заяве грамадзянкі Д.П. працягваецца праверка, праводзяцца экспертызы, канчатковае рашэнне пакуль не прынятае”.

У верасні 2011-га года ў папулярных сацыяльных сетках налічвалася блізу 24 суполак па продажы “дызайнерскіх наркотыкаў” ― курыльных міксаў, парашкоў, соляў і г.д. Гандляры не баяліся пакідаць прамыя нумары тэлефонаў, ім не пагражала крымінальная адказнасць, бо рэчывы не ўваходзілі ў Рэспубліканскі пералік. Групоўкі гандляроў часам змагаліся за месца пад сонцам сілавымі спосабамі.

У пятніцу 21-га чэрвеня гэтага года мы знайшлі ў сацыяльных сетках толькі адзін дзеючы нумар. Голас на тым баку прапаноўваў “па-хуткаму” набыць курыльную сумесь і запэўніваў, што рэчыва ― легальнае. Іншыя суполкі з сацсетак зніклі, не працавалі і буйныя сайты, якія раней прапаноўвалі так званыя “легальныя” парашкі і міксы. Падобна на тое, што такому нахабнаму гандлю прыходзіць канец.

“Мы актыўна працуем у гэтым накірунку, маніторым інтэрнэт, высвятляем сайты і групы, спыняем там дзейнасць наркадылераў, уносім іх у базы дадзеных, ― тлумачыць сітуацыю Мікалай Карпянкоў, начальнік Упраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС. ― Як толькі ў нас будзе ўдасканаленае заканадаўства, усе асобы, якія займаюцца распаўсюджваннем курыльных сумесяў, будуць прыцягвацца да адказнасці. Толькі за мінулы месяц мы затрымалі парадку 35 чалавек падчас распаўсюджвання. Асноўная іх маса будзе прыцягнутая да крымінальнай адказнасці”.

Раней дэпутат Палаты прадстаўнікоў Зінаіда Мандроўская паведаміла Еўрарадыё пра тое, што заканадаўства наконт сінтэтычных псіхатропаў, якія распрацоўваюць у лабараторыях Паўднёва-Усходняй Азіі, будзе яшчэ больш удасканальвацца.

МУС плануе аператыўна абменьвацца базамі дадзеных па курыльных міксах і парашках з праваахоўнымі ведамствамі іншых еўрапейскіх краін. І такім чынам цалкам перакрыць паступленні так званых “легальных наркотыкаў” у Беларусь. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі