Чый Крым? Белстат ведае адказ

Чый Крым? Белстат ведае адказ

Як вядома, ёсць хлусня, ёсць вялікая хлусня і ёсць статыстыка. Але часам — вельмі рэдка — усё наадварот: менавіта афіцыйная статыстыка адлюстроўвае погляд дзяржавы на тыя ці іншыя рэчы. Узяць, напрыклад, пытанне “Чый Крым?”, ад недакладнага адказу на якое можа выбухнуць у амаль 200 мільёнаў чалавек. Афіцыйна Беларусь не прызнае далучэнне Крыма да Расіі. А вось наш Нацыянальны статыстычны камітэт у сваім штогадовым зборніку бярэ і залічвае Крым у склад Расіі.

Глядзіце: у 2013 годзе насельніцтва Расіі складала 143,5 мільёны чалавек, а ў 2014-м — ужо 146 мільёнаў! Адкуль такі выбуховы рост? Звяртаем увагу на радок з украінскай статыстыкай. І бачым, што насельніцтва Украіны скарацілася з 45,5 мільёнаў у 2013 годзе да 42 мільёнаў у 2014-м.

Чый Крым? Белстат ведае адказ
Скрыншот са зборніка Белстата.

У Белстата, натуральна, ёсць апраўданне:

“Мы ж не падлічваем іх насельніцтва і плошчу. Гэта іх звесткі! Адпаведна з пагадненнем, кожная краіна сама прадстаўляе свае звесткі. Ну, нехта прадстаўляе, а нехта не, але ў дадзеным канкрэтным выпадку, натуральна, адбываецца абмен. Гэта не нашыя лічбы”, — распавядае прэс-сакратарка Белстата Таццяна Лапкоўская.

У зборніку пазначаныя крыніцы, з якіх бярэ інфармацыю Белстат. Што да статыстыкі па краінах СНД — насамрэч, гэта не наўпрост звесткі краінаў — Украіны, Расіі і г.д. — а дадзеныя Міждзяржаўнага статыстычнага камітэта СНД:

Чый Крым? Белстат ведае адказ
Скрыншот са зборніка Белстата.

Тэлефануем у Дзяржаўную статыстычную службу Украіны — і даведваемся, што з 2015 года Украіна, калі паведамляе статыстыку па сваім насельніцтве, сапраўды не ўлічвае Крым. На тое ёсць вельмі простая прычына:

“Нам з Крыма не прыходзяць ніякія адміністрацыйныя звесткі, на падставе якіх мы падлічваем колькасць насельніцтва”, — адказваюць Еўрарадыё ў дэпартаменце па насельніцтве Укрстата.

І тут раптам высвятляецца вельмі істотная акалічнасць:

“Мы паўсюль ставім спасылку пра тое, што насельніцтва прыведзенае без Крыма, — працягвае супрацоўніца Укрстата. — Я вам зараз дакладную фразу скажу: “Звесткі пра колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2015 і 2016 гадоў прыведзеныя без уліку часова акупаваных тэрыторыяў Крыма і Севастопаля”.

Чый Крым? Белстат ведае адказ
Скрыншот з сайта www.ukrstat.gov.ua

Ці ёсць такая спасылка ў беларускіх зборніках? Натуральна, не. Проста насельніцтва Украіны скарацілася. Чаму? Наш Белстат не хоча ні тлумачыць, ні думаць пра гэта:

“Мы тут, прабачце, ва ўнутраную палітыку дзяржаваў не ўмешваемся”, — працягвае Таццяна Лапкоўская.

А што з плошчай Украіны? Ва Укрстаце кажуць, што яна не змяняецца так імкліва, як насельніцтва:

“Плошча — гэта ўвогуле не статыстычныя звесткі. Ёю займаецца наш геакадастр — “Картаграфія-геадэзія”. І яны там, натуральна, паказваюць плошчу ўсёй Украіны”.

Глядзім беларускі зборнік — і бачым, што за апошнія гады плошча Украіны зменшылася на 29,6 тысяч кв.км. Ведаеце, мы зусім не здзівіліся, калі пабачылі, што гэта і ёсць плошча паўвострава Крым.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі