"CherryVata" раскрылі Еўрарадыё сакрэт свайго новага альбома

Мінскі гурт "CherryVata" паглядзеў на сваю музыку ў іншым ракурсе і запісаў альбом "ViaVanilla", які прэзентуе 15 траўня ў клубе "Fabrique".
Дагэтуль "CherryVata" гралі электронную музыку, зрэдку дазваляючы сабе эксперыменты з жывой гітарай. Другі студыйны альбом гурта застаўся электронным, але жывых інструментаў стала больш. Музыкі кажуць, што ён блізкі да іх цяперашняга канцэртнага гучання і важную ролю ў ім граюць гітара, бас, флейта, труба і нават часам кантрабас.

"ViaVanilla" параўноўваюць з творчасцю Morcheeba, Мassive Attack і Groove Armada.

Як распавёў Еўрарадыё аўтар музыкі і аранжыровак гурта Зміцер Літвіновіч, альбом атрымаўся больш дынамічным. Да таго ж на ім з’явіўся мужчынскі вакал.

Зміцер Літвіновіч: “У параўнанні з папярэднім, альбом атрымаўся больш жывым. Не тое каб на ім менш электронікі, але мы надалі больш увагі жывым інструментам – гітары, флейты, трубы, скрыпка. У альбоме, акрамя жаночага, з’явіўся мужчынскі вакал. Да таго ж гэты альбом атрымаўся больш дынамічным, больш падобным на нашы жывыя выступы па гуку і па настроі. Канешне, ёсць і меланхалічныя трэкі, але цяпер іх стала значна менш. Амаль адсутнічаюць інтсрументальныя кампазіцыі – на новай плыце іх усяго дзве”.

Вакалістка Вера таксама падкрэслівае свежае гучанне гурта на "ViaVanilla" і запрашае на прэзентацыю:

“Альбом атрымаўся разнапланавым: ёсць пяшчотныя кампазіцыі, ёсць агрэсіўныя. У ім больш песень, і я спадзяюся, што кожны са слухачоў знойдзе для сябе 3-4 песні, якія не будзе выключаць ніколі! На нашай мінскай прэзентацыі будзе нешта кшталту тэатральнай пастановы, нас падтрымаюць лепшыя беларускія ды-джэі”.

Сёння ў клубе "Fabrique" пры падтрымцы вядомых ды-джэяў гурт адыграе два аддзяленні у якіх прагучаць новыя кампазіцыі і песні з дэбютнага альбома “Дзе?” 2006-га года, а альбом "ViaVanilla" з’явіцца ў музычных крамах горада на пачатку наступнага тыдня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі