Чэмпіён свету па армрэслінгу жыве ў беларускай вёсцы

Карэспандэнт Еўрарадыё пабываў ў гасцях у чэмпіёна свету па армрэслінгу Віктара Братчэні ў вёсцы Вялікія Матыкалы.
За восем гадоў барукання на руках Віктар заваяваў некалькі залатых медалёў еўрапейскай і сусьветнай вартасці. У 2007 г. быў лепшым на планеце і з правай, і з левай рукі. Летась у Канадзе паклаў усіх левай і быў другім з правай. Выступае ў вагавай катэгорыі да 70 кілаграмаў. Вялікім стымулам для заняткаў армрэслінгам была пашкоджаная нага, і цяпер ён кладзе на рукі і паралімпійцаў, і здаровых.

Чэмпіён адразу правёў госця да медалёў.

Віктар Братчэня: – Медалі даюць розныя, залежыць ад гаспадароў чэмпіянату. Бываюць квадратныя, гэтыя вось з Нарвегіі - кружкі з дзвюма рукамі, Адразу бачны від спорта. Польскіх маю багата – яны з ямкамі. А гэты цёмненькі - мой першы, бронзавы медаль. "Халявы” я не меў ніколі. Усё праз трэніроўкі. That’s why I am the world champion.

ЕРБ: - Я чуў, Вы рыхтуецеся на Еўропу?

Віктар Братчэня: – Так. У червені будзе першынства. Два месяцы даў сабе адпачыць пасля Канады, цяпер зноў трэнінг.

Вялікага багацця са спорту Віктар пакуль не нажыў.

Віктар Братчэня: – Да дзесяці гадоў практычна з маці не вылазілі з Менску з дзіцячай артапедыі. Бацька грошы зарабляў. Трэнажоры амаль усе ён рабіў. А з дактарамі самі ведаеце як – прынясеш сумку, будуць лячыць, не прынясеш, дык і не.

Спонсары даюць грошы толькі на спаборніцтвы. "А перад імі ж есці трэба не абы-што" - кажа Віктар. На Канаду пазычыў паўтары тысячы долараў. Цяпер зноў выдаткі.

Віктар Братчэня: – Я абараніў дыплом трэнера па цяжкой атлетыцы ў Акадэміі фізічнай культуры, і пайшоў трэніровачны цыкл. Даводзіцца шмат траціцца. Знаёмы трэнер, армрэслер, таксама беларус, 5 год як працуе ў Галандыі. Мае ўсё магчымае і немагчымае і для працы, і ў жыцці".

ЕРБ: – А Вы школу сваю адкрыць не думаеце? Маеце ж дасягненні.

Віктар Братчэня: – У нас тут у Матыкалах ёсць зала, быў бы трэнерам. Людзі прывыклі думаць: як гэта, у вёсцы жыве чэмпіён свету. Нонсэнс нейкі. А мне здаецца, у вёсцы людзі болей мэтанакіраваныя, працавітыя. Я нарадзіўся ў Вялікіх Матыкалах, вёску сваю вельмі люблю, не хачу адсюль з’язджаць ні ў Брэст, ні ў Мінск. Спорт для мяне - гэта магчымасць вырвацца ў жыццё.

І Віктар згадвае аднаго з чэмпіёнаў па армрэслінгу, які трэніруецца ў сваіх трушчобах у страшным падвале, у "каляровым раёне": "Яго баяцца на першынствах героі фітнэс-палацаў".

ЕРБ: – Спорт недэмакратычны, у ім перамагае мацнейшы. Вы, я заўважыў, мяккі чалавек.

Віктар Братчэня: – Не прывык да гвалту. Не для таго хаджу ў трэнажорны зал, каб пакрыўдзіць каго і прынізіць. Займаюся спортам для сябе. Стараюся дапамагаць. Да мяне нават ездзяць з іншых гарадоў: з Бярозы, Гродна, Пінска.

ЕРБ: – Вось налягаюць на хакей. А гэта, калі шчыра, траўманебяспечны спорт. Можа хай у прэзідэнта лепш было б другое хобі, прыкладам армрэслінг?

Віктар Братчэня: – Цяжка сказаць. Вось пасля Алімпіяды адкрылася, што у цяжкай атлетыцы ў нас вялікі патэнцыял, ёсць усе тры медалі. Мяркую, у такія віды спорту трэба больш укладваць.

Пацікавіўся, ці былі балельшчыкі за мяжой. Чэмпіён ажывіўся і згадаў зямлячку з Тэльмаў, якая паказала яму дарогу ў Таронта, чым зэканоміла трыста канадскіх долараў.

Віктар Братчэня: – Уявіце, сяджу я ў залі, а тут круцяць Ляпіса Трубяцкога на беларускай мове. У Канадзе.

Прапаную на развітанне падужацца: мае дзве рукі на адну чэмпіёнскую. Куды там! Тытанічная сіла ў руках Віктара Братчэні.

Здымкі Паўла Грыня





Трэнажоры зрабіў бацька героя.



Віктар з мамай.



Віктар з Юляй, сваёй дзяўчынай. Яна таксама збіраецца выступаць у армрэслінгу. Віктар - яе трэнер.



Вялікія Матыкалы, якія плаўна пераходзяць у Малыя.



Шанцаў у Паўла Грыня не было.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі