Вы тут

Чатыры гісторыі "поспеху": каго звальнялі ў Беларусі з-за пастоў у сацсетках

Фото: АР

Пакуль прадстаўнікі міжнароднага стартапу Juno разбіраюцца са сваім праграмістам, які пакінуў правакацыйны пост пра святкаванне стагоддзя БНР у Мінску, Еўрарадыё вырашыла ўспомніць выпадкі, калі ў Беларусі з-за паводзін у сацсетках людзей звальнялі ці неяк штрафавалі.

 

Звальненне з Wargaming пасля публікацыі фотаздымкаў у Instagram

Адразу ўспамінаецца нядаўняя гісторыя, калі кампанія Wargaming звольніла двух супрацоўнікаў за фатаграфіі, апублікаваныя ў сацсетках. Фотаздымкі з мінскага офіса Wargaming з'явіліся ў Instagram у пятніцу, 17 сакавіка. Супрацоўнікі кампаніі фатаграфаваліся з героем мема "Гаральд, які хавае боль". А ўжо ў панядзелак, 20 сакавіка, ім абвясцілі аб спыненні працоўных адносін з кампаніяй.

 

Звальненне SMM-спецыяліста "Беліта-М"

У лістападзе 2016 года бьюці-блогер Анастасія напісала ў сваім блогу ў Instagram негатыўны водгук на прадукцыю для валасоў ад “Беліта-М”. У студзені 2017-га ёй адказалі з акаўнта "Беліты". SMM-спецыяліст спачатку хацеў даведацца, ці фарбуе Анастасія валасы, а затым перайшоў на асобы. Пасля гэтага, дзяўчына размясціла скрыншот перапіскі ў сябе ў блогу, а потым многія перапосцілі яго ў свае акаўнты ў сацсетках. Пазней у акаўнце "Беліты-М" зʼявілася паведамленне, што SMM-спецыяліста звольнілі, а Насту чакае падарунак.

 

Звальненне падрадчыка па SMM брэнда вады "Слаўная"

У верасні 2017 года брэнд вады "Слаўная" размясціў у карпаратыўным Інстаграм-акаўнце пост. На фатаграфіі была дзяўчына, якая відавочна атрымлівае асалоду ад струмені вады, якая выліваецца ёй на твар.

Частку карыстальнікаў абразіў неадназначны фотаздымак, пра што паведамлялася ў каментарыях. На што SMM-спецыяліст адказаў, што з фота ўсё добра, а вінаватае ненармальнае ўспрыманне чытачоў.

У выніку "Слаўная" папрасіла прабачэння ў карыстальнікаў сацсетак і звольніла падрадчыка па SMM.

 

Звальненне журналіста Чудзянцова з tut.by

У лютым 2013 года падчас чарговых спрэчак у блогасферы і Фэйсбуку стала вядома, што Чудзянцоў ў 90-ых паліваў брудам апазіцыйных лідараў і ўдзельнічаў у падрыхтоўцы розных правакацый у дачыненні да апазіцыйных сіл. У адказ на выкрыццё Чудзянцоў, на той момант штатны журналіст tut.by, пачаў сварыцца з крытыкамі. Аднак неўзабаве гэта было спынена ўмяшаннем топ-менеджменту tut.by. Была дасягнутая дамоўленасць, што пры паўторы падобных эпізодаў Чудзянцоў напіша заяву аб сыходзе. Атрымаўшы "апошняе папярэджанне", ён быццам бы супакоіўся, але неўзабаве зноў пачаў залазіць у чарговыя спрэчкі. Пасля гэтага tut.by спыніў з ім супрацоўніцтва.