Чатыром мінчукам, якія адбілі чалавека ад амапаўцаў, — ад 4 да 5 гадоў калоніі

Чатыром мінчукам, якія адбілі чалавека ад амапаўцаў, — ад 4 да 5 гадоў калоніі

2 красавіка суд Фрунзенскага раёна Мінска абвясціў прысуд па крымінальнай справе чатырох мінчукоў — Яўгена Бароўскага, Івана Зянько, Аляксея Драбы і Уладзіміра Кацкеля.

Як паведамляе праваабарончы сайт "Вясна", мужчын вінавацілі адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу: гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364), арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх (арт. 342), наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанні маёмасці (арт. 218).

Пацярпелымі па справе праходзілі сем супрацоўнікаў АМАП.

Падзеі адбываліся пасля 17 гадзін 11 кастрычніка 2020 года. Падчас разгону "Маршу гонару" каля станцыі метро “Пушкінская” мінчукі перашкодзілі амапаўцам затрымаць чалавека. Як гаворыцца ў матэрыялах следства, завязалася бойка, абвінавачаныя нанеслі некалькі ўдараў па галовах і разбілі шкло ў службовым аўтамабілі.

Бароўскі ў апошнім слове заявіў, што ён нічога не парушаў. Зянько сказаў, што не ведае тых людзей, якіх у судзе паказвалі некалькі разоў на відэа, але нічога дрэннага яны не рабілі. Драба заявіў, што раскайваецца і часткова прызнае віну. Кацкель сказаў, што ён увогуле хварэў на каранавірус і быў дома на каранціне. 

Суддзя Юлія Блізнюк абвясціла прысуд: Яўген Бароўскі — чатыры гады калоніі агульнага рэжыму, Іван Зянько, Аляксей Драб і Уладзімір Кацкель — па пяць гадоў калоніі агульнага рэжыму. Адзін  дзень пад вартай ім залічаць як адзін дзень пазбаўлення волі.

Зянько павінен таксама паплаціць ГУУС Мінгарвыканкама кампенсацыю ў 7073 рублі 75 капеек. Пазоў "Мінсктранса" да Бароўскага на 4699 рублёў будзе разглядацца ў грамадзянскім працэсе.

Акрамя таго, кожны з падсудных павінен  аплаціць сямі пацярпелым маральную кампенсацыю — ад 2000 да 3000 рублёў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі