Частка восьмая. Кубінскія бібліятэкі і жыццё ў правінцыі

- Гэта мая бібліятэка, - паказвае на дзве паліцы з кнігамі Аімі.

Калі мы прыйшлі да журналісткі, на дзвярах нас сустрэла цыдулка наступнага зместу: “Выбачайце, мяне няма дома. Я пайшла на вуліцу”. Аднак, пачуўшы нашыя галасы, Аімі ўсё ж адчыніла дзверы. Выявілася, што, жывучы ў цэнтры Гаваны, ёй пастаянна надакучаюць прадаўцы, што ходзяць па кватэрах ды прадаюць розныя рэчы. Таму жанчына і павесіла цыдулку.
Да Аімі прыходзяць знаёмыя, каб пачытаць кніжкі з яе бібліятэкі. У звычайных дзяржаўных бібліятэках цяжка знайсці літаратуру не прапагандыскага зместу. А нават калі і знойдзеце, то давядзецца адказаць на такую колькасць пытанняў, што лепш ужо і без кнігі абысціся, гаворыць Аімі.



У Эльесэра з горада Анціла – былога трэнера па баскетболе – таксама свая незалежная бібліятэка. Кніжак у ёй значна больш, чым у Аімі – цэлая шафа. Некалькі год таму іх было яшчэ больш. Ды ўлады канфіскавалі абсалютна ўсе кнігі – нават дзіцячую літаратуру. Сёння Эльесэр з паплечнікамі назбіраў новую калекцыю. Сярод кніг – дзіцячая, навуковая літаратура, раманы, творы чэшскіх, польскіх, украінскіх аўтараў – еўрапейскі досвед змагання за дэмакратыю.


Крысціан паказвае мне кнігу Вацлава Гавала. Гаворыць:

- Гэтая кніга для нас, як Біблія. Па ёй мы вучымся, як перамагчы рэжым.

Грамадскім дзеячам з правінцыі ўвогуле даводзіцца цяжка. Дыктатура там нашмат больш жорсткая чым у Гаване. Часта здараюцца так званыя actos de repudio – збіццё актывістаў.

Насупраць бібліятэкі Эльесэра і яго дому па сумяшчальніцтве – офіс Камітэту па абароне рэвалюцыі. Таму назіранне за журналістам кругласуткавае. Праз некалькі хвілінаў, як мы зайшлі да Эльесэра, у кватэру пагрукалася жанчына з Камітэту – папрасіла цукру.

Для таго, каб скарыстацца інтэрнэтам, даводзіцца ехаць у Гавану. Дарога на аўтобусе па разбітых кубінскіх дарогах займае каля тыдня. Эльесэр скардзіцца, што гэты час ён можа патраціць толькі на тое, каб спраўдзіць сваю паштовую скрыню на yahoo, бо калі не карыстацца ёю тры месяцы, яна блакуецца.



Ёсць у правінцыйных журналістаў і мабільныя, купленыя аднак на чужыя імёны. Але размаўляць па іх не даводзіцца – дорага. Таму журналісты “маякуюць” адно аднаму, а потым ідуць тэлефанаваць з аўтаматаў.

- У Анціле больш за 40 апазіцыйных актывістаў, - з гонарам гаворыць Эльесэр. І на Кубе такая колькасць сапраўды нагода ганарыцца – для горада з насельніцтвам у 12 тысяч жыхароў.



Працяг будзе...

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі