Частка першая. Гаванскія вуліцы, кубінскі сняданак і танная сальса

- Крута! Я на Кубе! – першыя думкі, якія апанавалі мяне па дарозе з аэрапорту імя Хасэ Марці да цэнтру Гаваны. Дзівячыся на экзатычныя пальмы, нязвыкла чорных для беларускай дзяўчыны людзей і савецкія “жыгулі” ды “масквічы” ў такім незвычайным асяроддзі, я мімаволі раскрывала рот. “Што ж будзе далей?” - думала я. А далей аказалася не так крута, як здалося на першы погляд.



Ведаць Гавану ўздоўж і ўпоперак - не так проста. Нават наш таксіст заблукаў у пошуках гатэлю. Справа ў тым, што на вуліцах Гаваны вельмі мала шыльдаў з назвамі вуліцаў і нумарамі дамоў. Таму таксіст высоўваўся з акна машыны і пытаўся ў мясцовых, як нам даехаць да месца прызначэння. Накруціўшы некалькі колаў, ён спыніўся каля гатэлю, нумар у якім замовілі мае сябры-шведы - Пэр і Сара.



Я ж праз інтэрнэт замовіла прыватную кватэру - casa particular – адзін з нешматлікіх дазволеных прыватных бізнесаў на Кубе. Гэта можа быць пакойчык у кватэры разам з гаспадарамі ці цэлая кватэра, альбо нават прыватны дом. Мне пашчасціла першыя чатыры дні мець у сваім распараджэнні цэлы дом. Хаця слова "пашчасціла" тут не вельмі пасуе.

Гаспадыня пазнаёміла мяне з кватэрай. "Вось гэта, на першым паверсе, - кажа яна, - кухня". Я іспанскую пачала вывучаць толькі за тыдзень да паездкі. Таму разумела самае банальнае. Нам дапамагала Сара, якая перакладала з іспанскай на ангельскую. "Можаш браць тут усё, што захочаш", - працягвае гаспадыня. Мы падняліся на другі паверх. Там была спальня і прыбіральня з душам. "Спачатку ўключаеш ваду, - вучыць мяне на пальцах карыстацца душам гаспадыня. - Потым падымаеш гэты выключальнік". Пачынае ісці гарачая вада. "ОК?" - пытаецца ў мяне жанчына. "ОК," - адказваю я. Яна забірае мыла і шампуні, што стаялі там, і сыходзіць.

На кухні мне не пашчасціла пакаштаваць нічога. Лядоўняй, відаць, там ніхто не карыстаўся ўжо некалькі год. Там я знайшла толькі пацвіўшую цыбулю, агуркі, яйкі ды яшчэ нейкую незнаёмую мне гародніну.

Раніцай гаспадыня прыйшла разам з мужам - яны жывуць у адным блоку ад гэтага дому. Я папрасіла яе прыгатаваць мне кубінскі сняданак. Гэта быў бутэрброд з падсмажаным яйкам унутры, парэзаныя фрукты (сярод якіх знаёмым мне быў толькі банан) і сок, зроблены ў міксеры з яйка і нейкіх фруктаў.

- Што гэта за фрукт? - пытаюся я на сваёй ламанай іспанскай.

- Фрута бомба, - адказвае мне жанчына.

- А гэта?

- Гуаяба.



Я бягу наверх за нататнікам і асадкай. Даю ёй, кажу - напішыце. Яна запісвае: "fruta bomba" i "guayaba". Як высветлілася потым, фрута бомба – гэта папая. Аднак, па-іспанску слова гучыць немілагучна, бо абазначае жаночы палавы орган. Таму і называюць тут гэты фрукт фрута бомба.



Гаспадар, відаць, пабачылі, што камунікацыя наладжваецца, і дастаў з пакету стос дыскаў. Стаў прапаноўваць мне музыку сальса па 3 долары за CD і 5 долараў за DVD. Пасля таго, як я сказала, што падумаю, ён уставіў дыск у плэер, і на тэлевізары з'явілася карцінка ды загучала музыка.

Купляць дыскі я не збіралася, таму спытала пра тое, што мяне сапраўды цікавіла:

- Колькі ў вас кубінскіх каналаў?

Гаспадар пачынае напружана лічыць. "Пяць," - гаворыць і твар яго скрыўляецца ў незадаволеную грымасу. Паказвае вялікі палец уніз. Далей размова не была настолькі канструктыўнай з-за адсутнасці ведання агульнай мовы. І я пайшла гуляць па Гаване.















Працяг чытайце, слухайце і глядзіце на нашым сайце пазней.



Ёланда: Я бегла не таму, што злачынца, а бо хацела быць свабоднай і шчаслівай
Уступ. Нетурыстычная Куба вачыма карэспандэнткі Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі