Частка другая. Кубінская шчырасць і “бясцэнныя” грошы

Што я адразу прыкмеціла, пагуляўшы па Гаване, — кубінцы вельмі шчырыя і адкрытыя. І нягледзячы на сваю галечу, спакойна ставяцца да таго, што іх фатаграфуюць. І большасць не тое што пазуе, а проста без усялякіх эмоцыяў глядзіць у аб'ектыў. Нібы нічога не адбываецца.


Яшчэ: ці то ад пастаяннай спякоты, ці то ад таго, што жыхары вострава Свабоды вельмі шчырыя і адкрытыя, яны не баяцца паказваць сваё прыватнае жыццё навыварат. Гуляючы па вузкіх вуліцах Гаваны раз-пораз заўважаеш людзей у расчыненых дзвярах сваіх кватэраў. У іх няма калідораў, таму дзверы з вуліцы вядуць адразу ў пакой. І там бачна, як людзі сядзяць на канапах і крэслах-качалках і глядзяць тэлевізар. Некаторыя выходзяць на ганак і садзяцца адразу ж у дзвярах у піжаме, каб пачытаць свежы выпуск мясцовай газеты "Granma".



- Ола! – вітаецца з намі мінак на вуліцы.
- Ола! – адказваем мы. І, стомленыя ад пастаяннай увагі кубінцаў, працягваем ісці далей.
- Ну чаму ніхто са мной не хоча размаўляць? – даганяе нас мужчына. – Усё, што мне кажуць турысты, гэта “Ола і ола”! А я хачу проста паразмаўляць! Мне больш нічога не трэба. Мне брат з Маямі штомесяц 300 долараў дасылае. У мяне ўсё ёсць. Я толькі паразмаўляць хачу...


Насамрэч, без такой дапамогі з-за мяжы выжыць на Кубе амаль немагчыма. На востраве дзве валлюты. Адна для турыстаў - CUC (Cuban Peso Convertible), другая для кубінцаў - Peso Cubano (іх яшчэ называюць “драўлянымі”). Калі быць дакладным, то адзін CUC роўны 1,4 долары і 0,9 еўра. Таму кубінцы, што працуюць з турыстамі, могуць называць цану ў еўра, што, у прынцыпе, тое ж самае, што CUC. У Гаване, цэнтрах правінцый і курортах існуюць спецыяльныя крамы для турыстаў, у якіх цэны пазначаныя ў CUC.




Самі ж жыхары Кубы атрымліваюць зарплату ў Peso Cubano. І ў асноўным прадукты купляюць менавіта за гэтую валюту. У кубінскіх крамах немагчыма купіць амаль нічога. Часам пабачыш вялізную чаргу ў краме, падыйдзеш паглядзець, што ж там такое прадаюць. А там - асадкі, запальнічкі, усякая драбяза...




Адзін кубінскі песа каштуе ўсяго амерыканскі квотэр - чвэрць даляра. Дый купіць за гэтую валюту нельга амаль нічога. Да нас падыйшла жабрачка. Працягвае руку і просіць грошы на ежу. Пэр дастаў з кішэні 3 кубінскіх песа. Жабрачка зірнула на іх, і кінула назад. “Дайце іншыя грошы, - кажа. – На гэтыя я не пад’ем”.


Ёсць крамы і для заможных кубінцаў, дзе можна расплачвацца ў CUC. Гэта так званыя шопінгі. Выбар там значна большы, чым у звычайных крамах для кубінцаў. Але таксама там можна знайсці далёка не ўсё. Дый выглядаюць яны па-саўковаму. Побач з мэбляй прадаюцца макароны, побач з яблыкамі паадзінкава - шампуні...



Нярэдка на вуліцы можна сустрэць людзей, якія штосьці прадаюць. І звычайна рэчаў на продаж яны выстаўляюць пару штук. Гэта можа быць адно манга, адна цыгара, дзьве запальнічкі і адна асадка. За ўвесь час, што я была на Кубе, я ні разу не бачыла, каб у іх хтосьці што-небудзь купляў. Аднак яны сядзяць так цэлымі днямі...




Працяг будзе...



Частка першая. Гаванскія вуліцы, кубінскі сняданак і танная сальса
Ёланда: Я бегла не таму, што злачынца, а бо хацела быць свабоднай і шчаслівай
Уступ. Нетурыстычная Куба вачыма карэспандэнткі Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі