Чаму вундэркінд Саша Кухарэнка збег з ВНУ ў калгас?

Да сённяшняга дня ўчынак выхаванца Лужаснянскай школы-інтэрната для адараных дзяцей з малазабяспечаных сем’яў Аляксадра Кухарэнкі ляжыць чорнай плямай на яе рэпутацыі.
Прызёр рэспубліканскіх і міжнародных алімпіядаў па біялогіі пасля заканчэння школы ў 2003 годзе без іспытаў паступіў на біяфак БДУ. Але на другім курсе кінуў вучобу і вярнуўся ў родную вёску, дзе пайшоў працаваць механізатарам ў мясцовы калгас. Для школы, усе выпускнікі якой вось ужо 12 год запар паступаюць выключна ў ВНУ і паспяхова іх заканчваюць, гэта сталася шокам.

Еўрарадыё вырашыла даведацца, што прымусіла таленавітага хлопца кінуць вучобу і пайсці працаваць.

У дырэктара школы Уладзіміра Шыдзько свая версія таго, чаму Саша так паступіў. Кажа, што ва ўсім вінавата цяжкае матэрыяльнае становішча.

Уладзімір Шыдзько: “Калі дзеці паступаюць, яны прыносяць даведку аб даходах бацькоў. І мы бачым, як хто зарабляе, дзе працуе. Таму дапамогі з дома не было ніякай”.

Дырэктар кажа, што нават раіў хлопцу паступаць у ваенную вучэльню – там усе атрымліваюць поўнае забеспячэнне. Не паслухаўся. Але яму ўсё адно спрабавалі дапамагчы.

Уладзімір Шыдзько
: “Першы год, калі ён вучыўся, мы клапаціліся аб ім, пісалі туды ва ўніверсітэт, прасілі дапамагчы. У міністэства звярталіся з просьбай аб падтрымцы”.

На думку дырэктара, хлопец не вытрымаў выпрабавання самастойным жыццём і зламаўся, не атрымаўшы дапамогі ад дзяржавы. Але ў тым, што навука Беларусі згубіла таленавітага біёлага, вінаваціць не сістэму адукацыі, а “чалавечы фактар”.

Уладзімір Шыдзько: “Тут мы, настаўнікі, прыносілі яму сваю адзежу аддавалі, заўсёды дапамагалі. І калі б там у патэбны момант побач апынуўся дарослы чалавек, які б узяўся яму дапамагчы, падтрымаць хлопца, гэтых праблем не было б”.

Еўрарадыё знайшло Аляксандра Кухарэнку. Ён зараз працуе аператарам ЭВМ Расонскага РайПА. Не ажаніўся і пакуль не збіраецца. Заробак у хлопца невялікі – 300 тысяч, але кажа, што яму хапае. А з БДУ сыйшоў таму, што яму надакучыла біялогія.

Аляксандр Кухарэнка: “Алімпіяды – гэта спаборніцтвы, дух спаборніцтва. Там здабываеш веды, якія табе хочацца. Але ў рэшце займацца штодня руціннай работай, высаджваць калоніі ў чашцы надакучвае. Проста згубіў цікавасць”.

Хлопец распавёў, што размовы пра цяжкае матэрыяльнае становішча не маюць пад сабой глебы. Жыў Аляксандр у інтэрнаце, стыпендыі ў 60 тысяч яму хапала. Калі б справа была толькі ў гэтым, ён бы знайшоў выйсце.

Аляксандр Кухарэнка: “Ніякіх грашовых праблем у мяне не было. Калі б я хацеў больш грошай, то мог бы лёгка ўладкавацца сістэмным адміністратарам у прыватную фірму і грошай у мяне было б больш. Але мне і тых хапала”.

Падчас вучобы прызёр алімпіяд па біялогіі зацікавіўся стасаванай матэматыкай. Але перавесціся на гэты факультэт з біяфаку немагчыма, трэба паступаць нанова. Андрэй палічыў, што здаваць іспыты ён пакуль не гатовы – не хапае ведаў. Еўрарадыё хлопец расказаў, што паспрабуе ізноў паступіць у ВНУ. Хутчэй за ўсё, у наступным годзе. Ізноў у БДУ. Толькі зараз на стасаваную матэматыку.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі