Чаму віза ў Еўропу для беларусаў у 2 разы даражэйшая, чым для расіян?

Еўрарадыё вырашыла высветліць, ад чаго залежыць кошт візаў і што Беларусі трэба зрабіць, каб яго паменшыць. Сёння Еўропа беларусу ўсё яшчэ па кішэні.
Усяго 5 еўра каштуе віза ў Літву, Польшчу. Дзве гадзіны на аўтобусе – і вы ў Еўропе. Напэўна, таму каля амбасад увесь час захоўваюцца вялікія чэргі. І гэта пакуль адзіная перашкода. Але ў хуткім часе ўсё зменіцца.

Ужо з лістапада акрамя 9 долараў за квіток у суседнюю Літву і Польшчу жыхар Беларусі павінен будзе заплаціць яшчэ 60 еўра за візу.

Аднак для грамадзянаў балканскіх краінаў, Расіі і Украіны консульскі збор павялічаны не быў. У адрозненні ад Беларусі ён па-ранейшаму складае 35 еўра. Чаму ж для Беларусі Еўрасаюз робіць такое выключэнне?

Тлумачыць кіраўнік офіса ТАСІС у Беларусі Яніс Айзсалніекс:

У Расіі, Украіны і Малдовы ёсць план супрацоўніцтва з Еўрапейскім Саюзам. У адпаведнасці з палітыкай ЕС спрашчэнне візавага рэжыму можа быць разгледжана толькі пасля падпісання Беларуссю с Еўрасаюзам дамовы па вяртанні нелегальных імігрантаў.

Гэта было патлумачана Беларусі ўжо 8 траўня, але Беларусь гэтыя ўмовы пакуль не выканала.

Нагадаем, што яшчэ ў 1995 годзе паміж Беларуссю і Еўрапейскім Саюзам была заключана дамова аб партнёрстве і супрацоўніцтве, дзеянне якой было прыпынена па палітычных матывах. Беларусь не выканала 12 пунктаў, якія былі прапанаваны Беларусі Брусэлем з мэтай актывізаваць супрацоўніцтва ў межах палітыкі добрасуседства.

На думку Яніса Айзсалніекса, візавае пытанне завязана на 12 пунктах, якія выставіў Беларусі Еўрасаюз:

Ратыфікацыя гэтай дамовы была прыпынена з-за таго, што Беларусь не выканала пытанні, пра якія гаворыцца ў 12 пунктах — пытанні правоў чалавека, напрыклад.

Мы вельмі зацікаўлены ў тым, каб пытанні, прапісаныя у 12 пунктах, пачалі выконвацца.

У той жа час афіцыйныя беларускія ўлады не бачаць нічога палітычнага ў візавым працэсе.

Спецпасланнік міністра замежных спраў у структурах Еўрасаюза, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Гайдукевіч запэўнівае, што зніжэнне кошту візы для беларусаў – справа часу:

Не, гэта зусім несур'ёзна. Уявіце, што вось Еўрасаюз возьме зараз і заявіць, што ўсе грамадзяне Рэспублікі Беларусь будуць пакутваць з-а таго, што вы не выконваеце 12 пунктаў, якія мы вам сказалі. Я тады ўвогуле не разумею, каго ў гэтым выпадку Еўрасаюз прадстаўляе – краіны з развітай дэмакратыяй ці штосьці іншае…

Еўракамісія – гэта вельмі бюракратычная машына. Тэлефануеш ім, а яны кажуць – так, папера ўжо кудысьці пайшла. Потым праз тыдзень тэлефануеш, а яны кажуць – а вы не можаце даслаць шчэ раз, штосьці мы не можам знайсці паперу… Там сістэма вельмі інэртная, вельмі марудная, махавік працуе вельмі складана.

У Еўракамісіі ніхто не сказаў катэгарычнае “не”, кажуць – яшчэ рана, трэба размаўляць.

Гайдукевіч сцвярджае, што з боку Міністэрства замежных справаў пытанне ўжо даўно узнята – ідуць кансультацыі.

Цікава тое, што пазіцыі Гайдукевіча і Мілінкевіча наконт палітызаванасці сітуацыі амаль не адрозніваюцца.

Лідэр апазіцыі, былы кандыдат на пасаду прэзідэнта Беларусі Аляксандр Мілінкевіч:

Гэта нармальны кошт візаў, які ўсталяваны Еўрасаюзам, ён ніяк не спалучаецца з тымі 12 патрабаваннямі. Проста віза ў Еўрасаюз каштуе столькі і столькі, а калі якая дзяржава хоча зніжкі, то яна гэта мусіць абгрунтаваць і ўступіць у двухбаковыя зносіны, чаго Беларусь не зрабіла.

Мілінкевіч лічыць, што цяпер трэба сустракацца, размаўляць, прасіць, чаго ўлада яшчэ не рабіла:

Недастаткова толькі думкі дэмакратычных лідэраў у вырашэнні візавага пытання. Абавязкова трэба выканаць пэўныя крокі з боку ўлады. Толькі ўлада можа звярнуцца ў Еўрасаюз за паніжэннем кошту візы. Расія і Украіна вырашылі, бо там улада гэтым займалася.

Як бачым, усе жадаюць таго, каб сітуацыя вырашылася добра для абодзвух бакоў.

Мілінкевіч: Я цалкам за тое, каб візы каштавалі менш для беларусаў, бо беларусы не пацягнуць такі кошт.

Гайдукевіч: Вынік павінен быць адназначна! Рана ці позна павінна наступіць нейкая раўнавага, таму што выгада ёсць.

Айзсалніекс: У гэтым сэнсе мы аптымістычны: я мяркую, што гэта адбудзецца, пытанне толькі – калі.

Калі – пакуль невядома. Застаецца спадзявацца на двухбаковыя перамовы паміж краінамі.

Фота — photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі