Чаму садавіна ў самы разгар сезона каштуе 3-4 долары за 1 кг?

На высокі кошт персікаў ды абрыкосаў паўплывалі надвор'е ў Іспаніі, беларускія мытнікі і сталічныя чыноўнікі.
Паліцы ў крамах і палатках ломяцца ад асартыменту, толькі вось пакупнікі доўга каля іх не затрымліваюцца: цэны смела можна назваць касмічнымі. Вінаград у прыватных прадпрымальнікаў каштуе ад 7 да 10 тысяч беларускіх рублёў, у краме 5-6 тысяч. Такія “даступныя” цэны на ўсю сезонную садавіну ўсталяваліся ва ўсіх палатках: за нектарын, персік трэба аддаць 7.500 рублёў, крыху даражэй каштуе абрыкос — 8 тысяч. Цана на слівы увогуле ўражвае: ад 2 да 10 тысяч, такая ж сітуацыя і з дынямі.

Каб даведацца, чаму садавіна ў самы разгар сезона такая дарагая Еўрарадыё па каментар звярнулася да намесніка дырэктара найбуйнейшай кампаніі-пастаўшчыка “Фрутімпарт”, якая не захацела назваць сваё імя і прозвішча.

Намеснік дырэктара “Фрутімпарт”: У лютым Мінгарвыканкам у тры разы павысіў стаўку падатку з продажу. Умовы, створаныя дзяржавай, не дазваляюць працаваць на карысць насельніцтва.

Яшчэ неабходна заплаціць пошліну 100%, ПДВ, і потым усё гэта абкладаецца 15%-м падаткам. Такім чынам фарміруецца высокая цана на садавіну. У бліжэйшы час яна застанецца такой жа. На гэта паўплывала спякотнае надвор’е ў Іспаніі і рашэнне Мытнага камітэта.

Намеснік дырэктара “Фрутімпарт”: Мытны камітэт з чэрвеня павысіў мінімальныя кантрактныя цэны. Нават калі мы купляем тавар па 30 цэнтаў за кілаграм, але Мытны камітэт расцэньвае яго ў адзін долар. У прынцыпе, каб спажывец купіў нешта танней, нічога не робіцца. Галоўнае, каб было ўсё ціха, мірна, спакойна і хутчэй збыць беларускую прадукцыю.

На адной з кропак прадавец нам прызналася, што купляюць садавіны мала: занадта высокія цэны. Таму яна ідзе насустрач сваім кліентам і прадае кавуны, дыні са зніжкамі… калі яны пачынаюць гнісці. Пацверджаннем гэтага стала прызнанне адной з пакупніц.

Пакупніца: Можна падысці і купіць дыню за паўтары тысячы. У яе бок крышачку мяккі, але ў гэтай палаткі заўсёды ўцэньваюць. Нектарын таксама можна купіць за паўтары-дзве тысячы рублёў.

Альтэрнатывай для тых, хто не можа кожны дзень ездзіць па садавіну на Камароўскі рынак ці Ждановічы, дзе цэны значна ніжэй, з’яўляюцца крамы. Універсам “Народны” спрабуе пацвердзіць сваю назву: цэны тут на заморскія персікі і нектарыны склалі 6 тысяч рублёў, на вінаград – 5.500. Дырэктар універсама Валерый Глушавец згаджаецца, што не ўсе слаі насельніцтва могуць дазволіць сабе такія вітаміны, таму “Народны” абраў іншую палітыку.

Валерый Глушавец: Мы прымяняем не 30-адсоткавую гандлёвую надбаўку, а толькі 20%. Каб цана для пакупніка была больш даступнай, і каб былі большыя аб’ёмы продажаў.

Валерый Глушавец не адзін раз вёў размову з пастаўшчыкамі аб зніжэнні цаны. Чаму яна не можа быць “народнай”, мы з вамі ўжо даведаліся ад фірмы-пастаўшчыка.

Атрымоўваецца вельмі простая формула: эканомячы на дарагой садавіне, мы эканомім на сваім здароўі. Дактары дакладна ведаюць, колькі чалавек у дзень павінен есці садавіны, каб адчуваць сябе шчаслівым. Ведае гэта і лекар-дыетолаг цэнтра “Эстэтык-сэрвіс” Іна Ражок.

Іна Ражок: У дзень даросламу чалавеку неабходна есці мінімум 5-7 порцый рознай па колеры садавіны. Нельга есці адныя толькі персікі ці слівы.

Па нашых падліках, у месяц беларус павінен траціць на садавіну 300 тысяч рублёў пры ўмове, што ён спажывае мінімальную норму – 1 кг у дзень. Пры сярэднемесячным заробку, які на сённяшні дзень складае 728.000 рублёў, а калі ў сям’і падрастае малое ці два… Вось і атрымоўваецца: працаваць трэба толькі на адныя кавуны і дыні.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі