Чаму маладыя музыкі амаль не выступаюць у беларускіх клубах?

У той жа час у суседняй Польшчы пачаткоўцу заплацяць ганарар і аддадуць грошы за прададзеныя білеты.

Маладым беларускім гуртам фактычна няма месца ў айчынных клубах. Для таго, каб зладзіць канцэрт, арганізатарам трэба падрыхтаваць досыць вялікую суму грошай. Зладзіць канцэрт для маладога выканаўцы ў Мінску будзе каштаваць ад 1000 да 1500 долараў.

Напачатку бярэм абавязковае гастрольнае пасведчанне ў Мінгарвыканкаме — каля 100 долараў. Размяшчаем рэкламу — гэта яшчэ каля 100 долараў. Арэнда апаратуры і гукарэжысёра на канцэрт — 300. Разам атрымліваецца каля 500 долараў.

А яшчэ — арэнда клуба, якую арганізатары павінны заплаціць папросту за тое, што ўвечары там будзе граць музыка і прыйдуць людзі. Улад Шэйкер, сталічны арганізатар вечарын і канцэртаў, распавёў Еўрарадыё, што кошты на клубы вагаюцца ў залежнасці ад іх умяшчальнасці:

Шэйкер: “Клубы, у якія змяшчаецца не больш за 500 чалавек (R-Club, Fabrique, Roxy) каштуюць прыкладна $500. Большыя клубы, накшталт “Рэактара” ці “Цэнтра”, дзе змяшчаецца каля 1000 чалавек, будуць каштаваць каля $1000. Прычым гэта ж толькі арэнда!”

Калі палічыць выдаткі на арганізацыю канцэрта ў Мінску, атрымліваецца, што без ганарару музыкам двухгадзінны канцэрт для маладой каманды будзе каштаваць мінімум $1000. А калі думаць пра нейкі буйны фестываль маладых гуртоў — дык наогул $1500.

Нават маючы такія грошы, сам па сабе малады выканаўца не зможа зладзіць канцэрт: для гэтага неабходна стаць прадпрымальнікам або звярнуцца да канцэртнага агенцтва. Аднак і тут не ўсё так проста.

Так, прадзюсерскае агенцтва Ўладзіміра Шаблінскага “Лінія гуку” наогул адмовілася ў свой час ад прадзюсіравання айчынных выканаўцаў. Прычына ў тым, што арганізацыя канцэртаў для нераскручаных гуртоў — занадта дарагая рэч:

Шаблінскі: “Калі да нас прыйдзе нейкі малады гурт з просьбай арганізацыі іх канцэрта, 99%, што мы адмовім. Рэч у тым, што мы — пракатная кантора. То бок мы бярэм нейкі “прадукт”, робім лакальную рэкламу і робім адзін ці серыю канцэртаў. Мы не бярэм нейкага маладога выканаўцу, не ўкладваем у яго развіццё грошы і не выводзім яго ў статус зоркі. А звязана менавіта такая нашая дзейнасць з адной прычынай — адсутнасцю грошай”.

Марцін Полэць, польскі прамоўтар і арганізатар канцэртаў у Польшчы
(у тым ліку і для беларусаў Parason, "Абшар", "Кальмары" ды іншых), распавёў Еўрарадыё, што на Захадзе дзяржава фактычна ніяк не ўмешваецца ў “клубныя справы”. То бок у Польшчы не існуе аніякіх арэндных платаў для арганізатараў канцэрта ці гастрольных пасведчанняў для музыкаў. Самі ж клубы зарабляюць за кошт бара:

Марцін Полэць: “Каб зладзіць канцэрт, арганізатар папросту прыходзіць у клуб і дамаўляецца з уладальнікам. Калі гурт малавядомы, то ганарарам для музыкаў будзе нейкі адсотак ад прададзеных квіткоў. Калі гурт ужо больш-менш вядомы, то клуб можа прапанаваць і нейкі мінімальны ганарар для гурта — які будзе выплачаны незалежна ад колькасці прададзеных квіткоў. Прычым 100% “ад увахода” пойдуць гэтаксама музыкам. Аднак самая распаўсюджаная схема працы — гэта калі клуб праплочвае неабходную апаратуру, працу гукарэжысёра і ахову і мінімальную рэкламу канцэрта. А усе грошы за квіткі ідуць музыкам у якасці ганарара за выступ”.

Для параўнання Еўрарадыё звязалася з Антонам Чарніным, арт-дырэктарам маскоўскага клуба “Ікра”. Гэта буйны расійскі клуб, у якім, дарэчы, неаднаразова выступалі беларусы: ад “Ляпісаў” і “Серебряной свадьбы” да Сяргея Пукста і Юрыя Дземідовіча. Паводле словаў спадара Чарніна, у Маскве наогул схема арганізацыі канцэрта вельмі спрошчаная. То бок арганізатар фактычна дамаўляецца з клубам і музыкамі на пэўныя грошы. Прычым усё залежыць ад “раскручанасці” калектыва:

Клуб “Ікра”: “Вам могуць прапанаваць адсотак ад прададзеных квіткоў: вам 80%, клубу 20%. Аднак з-за таго, што ваш гурт нікому невядомы, вам прыйдзецца заплаціць грошы за арэнду. То бок вы заплаціце нейкую суму, а грошы за ўсе квіткі пойдуць вам. “Ікра” з чацвярга па нядзелю каштуе 70 000 рублёў, серада —  50 000 рублёў (прыкладна 2000 долараў і 1500 долараў адпаведна. — Еўрарадыё)”.

На думку Віталя Супрановіча, прадзюсера “Беларускай музычнай альтэрнатывы”, высокія кошты на арэнду клуба наўпрост залежаць ад арэнды на зямлю. Гэта тыя грошы, якія клуб штомесяц выплочвае дзяржаве за арэнду зямлі. Аднак яшчэ адна праблема, паводле словаў спадара Супрановіча, —– гэта і малая плацежаздольнасць айчыннай публікі. То бок для тых жа польскіх клубаў, якія не так шмат выплочваюць за арэнду, не складае цяжкасці “зарабіць” за кошт прададзеных у бары напояў. Таму за мяжой, фактычна, галоўны крытэрый для арганізацыі канцэрта — гэта колькасць наведвальнікаў:

Супрановіч:
“У нашай жа публікі фінансавы стан не вельмі… Таму калі мы нават і збіраем 500 ці 700 чалавек на канцэрт, то большасць з гэтых людзей амаль нічога не набывае ў бары. Ды яны проста ў бліжэйшай краме набываюць піва, выпіваюць яго і ўжо потым ідуць на канцэрт”.

Безумоўна, у кожнага гурта свая дарога. Аднак як паказвае практыка, большасць беларускіх гуртоў толькі нараджаліся ў Беларусі. А вось станавіліся вядомымі па-за межамі радзімы. Часцяком гэта здаралася выключна з-за адсутнасці канцэртаў. А канцэртаў няма — бо для арганізатараў гэта каштуе нерэальна дорага. Таму ці будуць такія расклады кіраваць айчыннай музыкай надалей — залежыць выключна ад наведвальнікаў канцэртаў. То бок ад нас з вамі, паважаныя слухачы!

Фота: imageshack.us

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі