Чаму Лукашэнка памятае такія дзіўныя 90-я? Тлумачаць палітолагі

1990-я ў Беларусі: у лапцях ці з БЧБ-сцягамі?
1990-я ў Беларусі: у лапцях ці з БЧБ-сцягамі?

Аляксандр Лукашэнка часта ўспамінае пра "цяжкія дзевяностыя", калі ён стаў прэзідэнтам Беларусі. Паводле яго слоў, беларусы тады жылі катастрафічна бедна.

"Яны [90-я. — Еўрарадыё] былі цяжкія не толькі тым, што мы былі босыя, без штаноў, галодныя, не толькі таму, што ў нас не было сродкаў, каб жыць і існаваць", — расказвае палітык 21 ліпеня 2020 года на сустрэчы з актывам Гомельскай вобласці.

Адсутнасць штаноў — дзіўны пункцік ва ўспамінах Лукашэнкі пра 90-я:

— "Яны не памятаюць Беларусь, з якой мы выходзілі з вамі ў лапцях і без штаноў у сярэдзіне 90-х. Яны не памятаюць гэтых талонаў, не памятаюць, што мы не маглі купіць бутэльку нейкага малака. Яны не памятаюць, што ў нас на трое сутак у Мінску мукі хапала, каб спячы хлеб" (гэта месяц таму пра маладых пратэстоўцаў);

"Трэба спакойна ісці і выбіраць той шлях, які сёння прымальны. Бо застанёмся не толькі без малака, мяса, але і без штаноў(гэта сказана ў 2019 годзе, пра "шокавыя" рэформы, якія правялі суседнія краіны);

"Мы б без штаноў хадзілі і галодныя былі б, таму што ўсё гэта трэба было б купіць. А дзе валюту браць? І свая зямля для чаго?" (гэта цытата з 2015-га).


Мы прагледзелі нямала фота перыяду "цяжкіх дзевяностых", аднак людзей у лапцях так і не знайшлі. Ну і, трэба сказаць, усе ў штанах.

Почему Лукашенко помнит такие странные 90-е? Объясняют политологи
Дзень Волі — 1997. Усе ў штанах і без лапцей, у тым ліку супрацоўнікі МУС / vytoki.net
Почему Лукашенко помнит такие странные 90-е? Объясняют политологи
Дарога на Курапаты, 1993 год. Людзі без штаноў наўрад ці пайшлі б на мітынг. А ў аднаго хлопца нават ровар ёсць! / zayata.com

Яшчэ адзін пункцік ва ўспамінах Лукашэнкі — голад:

— "У сярэдзіне 90-х есці не было чаго" (гэта цытата з 2020-га);

Свежае выказванне пра недахоп мукі вы ўжо прачыталі крыху вышэй. Аказваецца, у 2013 годзе Лукашэнка ўжо згадваў пра гэта:

— "Мукі для выпечкі хлеба заставалася ўсяго на два-тры дні, а харчовыя тавары ў крамах размяркоўваліся па талонах".

Талоны і купоны — характэрная тэма для апошніх савецкіх і постсавецкіх часоў. Па-першае, так адміністрацыйна-камандная эканоміка змагалася са спекулянтамі. Па-другое, якасных рэчаў і прадуктаў банальна не хапала на ўсіх.

Почему Лукашенко помнит такие странные 90-е? Объясняют политологи
Купоны з далёкага 1993 года / ay.by

Грошай няма, але вы трымайцеся

Зрэшты, купляць якасныя рэчы ў 90-я не было на што. Калі, вядома, верыць Лукашэнку:

— "У пачатку дзевяностых нашы грамадзяне мала што маглі сабе дазволіць — папросту кажучы, не было грошай" (гэта з паслання народу і парламенту ў 2014 годзе).

А ўсё чаму? Ды таму, што "тады без стырна і ветразяў Беларусь імкліва кацілася ў невядомасць" (гэта з выступу перад студэнцкай моладдзю Брэстчыны ў 2004-м).

Дзікія і ашалелыя

Сваіх палітычных сапернікаў з 90-х Лукашэнка ўспамінае дзіўнымі словамі:

— "У нас была спроба ў пачатку дзевяностых у часы Шушкевіча і іншых павярнуць краіну ў напрамку дзікага нацыяналізму" (2003 год, прэс-канферэнцыя для расійскіх журналістаў);

— "Я рады і ганаруся тым, што мне ўдалося скруціць галаву таму нацыяналізму ашалеламу, які быў у пачатку 90-х гадоў, да майго прэзідэнцтва і калі я стаў прэзідэнтам" (а гэта ўжо 2015 год, сустрэча з беларускімі і замежнымі СМІ).

Увогуле, непрыемныя былі палітыкі ў 90-я. Ды і Вярхоўны Савет не адставаў:

— "Я ніколі больш не перажываў таго, што было ў сярэдзіне 90-х гадоў, калі я прыходзіў у парламент і перада мной, і пад трыбунамі валяліся дэпутаты";

— "У Беларусі яшчэ памятны наш уласны досвед пачатку 90-х. Гэта былі гады шумнага парламенцкага балагана".

Затое цяпер у Нацыянальным сходзе ўсё прыстойна.

Почему Лукашенко помнит такие странные 90-е? Объясняют политологи
Дэпутаты Вярхоўнага Савета падчас галадоўкі ў 1995 годзе / bymedia.net

Чаму Лукашэнка так непахвальна адгукаецца пра 90-я?

Чаму для кіраўніка Беларусі так важна пераканаць усіх у тым, што 25 гадоў таму ў Беларусі жылося вельмі дрэнна?

— Як прынята ў расійскай гісторыі, 90-я гады ў Расіі — гэта праклятыя гады, яны лічацца вельмі цяжкімі гадамі, гадамі крызісу і агульнай нестабільнасці. Лукашэнка ўмантаваў гэтыя 90-я гады ў беларускую рэальнасць. Я асабіста назіраў гэтыя гады, я там жыў. Да 1995–1996 гадоў сітуацыя была цяжкая ў плане заробкаў, з'явілася беспрацоўе. Але, натуральна, ніхто не быў галодны, крамы былі, заўсёды былі прадукты харчавання, — каментуе для Еўрарадыё палітолаг Андрэй Суздальцаў. — На той момант у Беларусі была сістэма "ніпель" — можна было нешта ўвозіць, а вывозіць нічога нельга было. Галодных не было, разутых-раздзетых таксама не было.

26 гадоў ва ўладзе — за гэты час будуюцца новыя дзяржавы. З нуля. Дадайце 26 гадоў да жыцця Тайваня ці Паўднёвай Карэі — гэта зусім іншы скачок узроўню жыцця. У Беларусі нічога гэтага не адбылося. Народ стаў жыць трошкі лепш, але іншыя суседзі сталі жыць яшчэ лепш. Гэта значыць, Беларусь стала адставаць. Яму [Аляксандру Лукашэнку. — Еўрарадыё] трэба паказаць нізкую базу, з якой ён стартануў — маўляў, прыйшоў, усё развалена, усе галодныя, босыя. Гэта значыць ён фігура амаль сакральная: рукі працягнуў — і ўсе адзеліся-абуліся, усе сытыя. Амаль святы, якога, натуральна, нельга не пераабраць. Ён шукае аргументы для захавання сябе ва ўладзе. Ён паказвае: так, жывём горш, чым суседзі, але ж было яшчэ горш.

Рэспубліку з велізарнай падтрымкай Савецкага Саюза ўздымаў з разрухі, з зямлянак Пётр Машэраў. За паўтара пакалення краіна ступіла ў новыя светлыя гарады, з'явілася сучасная індустрыя, з'явілася навука, сувязь, дарогі, жыллё. Лукашэнка ў прынцыпе прыйшоў не на пустое месца. Але Машэраў знік з гістарычнай памяці, застаецца толькі Лукашэнка. Гэта значыць, жыццё ў Беларусі "пачалося з Лукашэнкі". Гэта вельмі прымітыўная прапагандысцкая версія ў рамках перадвыбарчай кампаніі, але яна іграе сваю ролю.


Дацэнт кафедры паліталогіі БДУ Усевалад Шымаў прытрымліваецца іншай думкі.

— Такая рыторыка таму, што дзевяностыя гады сапраўды з'яўляюцца своеасаблівым пунктам адліку не толькі для Беларусі, а для ўсёй постсавецкай прасторы. Мем "цяжкія дзевяностыя" вельмі шчыльна ўвайшоў у культуру, у свядомасць людзей у Беларусі, Расіі. Дзевяностыя — як знак правалу.

У Пуціна шмат у чым палітычны імідж будуецца на адштурхоўванні "дзевяностых", маўляў, мы дасягнулі стабільнасці, адноснага росквіту, дабрабыту і як бы мы адышлі ад прорвы. У нас адбываецца тое ж самае: "дзевяностыя" як негатыўны пункт адліку — адмоўны, ад якога краіна за гэты час адышла. І натуральна, гэтую заслугу дзейная ўлада прыпісвае сабе. Я думаю, гэта цалкам заканамерна, цалкам зразумела, натуральна і ўкладваецца ў парадыгму постсавецкага развіцця. Беларусь у гэтым плане не ўнікальная.

Рэспубліка Беларусь — гэта ўсё-ткі асколак Савецкага Саюза. Гэта дзяржава, якой да 1990 года як суверэннай дзяржавы не было і эканоміка якой будавалася як частка адзінага комплексу. Польшча, Чэхія — нават у рамках сацыялістычнага блока — былі суверэннымі дзяржавамі з эканомікай, пабудаванай як у суверэнных дзяржаў. Яны не ўваходзілі ў Савецкі Саюз, яны першапачаткова развіваліся па-іншаму. Таму нават па паказчыках сацыяльна-эканамічнага развіцця Польшча была вышэй — у яе былі паказчыкі вышэйшыя, чым у Беларусі. Калі і параўноўваць, то трэба параўноўваць Беларусь з постсавецкімі краінамі. З тымі, з якімі мы выйшлі як бы "з адной лодкі". Я не буду гаварыць, што ў нас нейкія выдатныя поспехі — у прынцыпе, на постсавецкай прасторы ні ў кога выдатных поспехаў няма. Але на агульным фоне мы выглядаем не самым дрэнным чынам. Наш варыянт развіцця не самы дрэнны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі