Вы тут

Champaneria Шэймана і Svobody.4 Цяцерына — хто валодае мінскімі барамі

Былы бар "Шампанерыя", які цяпер называецца Glass

Пасля "Нацыянальнай забастоўкі" 26 кастрычніка ў шэрагах мінскіх кавярняў і бараў адбылася татальная зачыстка. Частка ўстаноў закрылася назаўжды, частка змяніла назву і юрыдычную асобу, але працягнула працаваць як раней, а дзесьці змянілася ўсё і адкрылася новае месца.

Пакуль нерэальна ахапіць усе змены, якія адбываюцца ў мінскім грамадскім харчаванні з моманту "Нацыянальнай забастоўкі". Таму што яшчэ нічога не скончылася. Хтосьці дагэтуль спрабуе выйграць судовыя цяжбы з правяральнымі службамі і судзіцца наконт гіганцкіх штрафаў, а хтосьці ўсё распрадаў і з'ехаў.

Еўрарадыё сабрала гісторыі трох мінскіх устаноў.

Champaneria Шэймана

Неўзабаве пасля жнівеньскіх падзей у розных тэлеграм-каналах і "чорных спісах" стала з'яўляцца інфармацыя пра тое, што бар Champaneria ("Шампанерыя") на Зыбіцкай належыць Вользе Шэйман — дачцэ кіраўніка справамі прэзідэнта Віктара Шэймана. Праўда, без якіх-небудзь доказаў.

Як змагло даведацца Еўрарадыё, сапраўды, да 6 кастрычніка 2020 года барам валодалі два чалавекі: Вольга Хачатран і Вольга Віктараўна Шэйман — поўная цёзка дачкі кіраўніка справамі прэзідэнта Віктара Шэймана.

Дарэчы, у дзень "Нацыянальнай забастоўкі" Champaneria трапіла ў спісы "зачыненых устаноў". Праўда, саўладальніца бара Вольга Хачатран расказала Еўрарадыё, што бар да таго моманту ўжо не працаваў амаль два месяцы і быў выстаўлены на продаж.

Лагістычная звязка

6 кастрычніка абедзве Вольгі перасталі валодаць барам. Яго купіла кампанія "Авангард Грузатранс", якая займаецца грузаперавозкамі.

Цікавы момант. У кампаніі ў афіцыйных юрыдычных дакументах пазначаны рэгістрацыйны імэйл: [email protected]

Дакладна такі самы імэйл пазначаны ў кампаніі "Глобалкастом". Яна фігуруе ў справаздачах расійскіх наглядных органаў аб кантрабандзе, яе называюць сярод трох асноў фірмаў, якія займаюцца рээкспартам кветак па шэрых схемах у Расію. А яшчэ гэта кампанія стварыла першы беларускі ПАП "ГардСэрвіс", які звязваюць з Кіраўніцтвам справамі прэзідэнта і Віктарам Шэйманам.

"Авангард Грузатранс" нядоўга валодаў "Шампанерыяй". 27 кастрычніка, на наступны дзень пасля "Народнага Ультыматуму", установа дасталася новаму ўладальніку.

Унук знакамітага беларускага мастака

Мікіта Андруковіч — унук беларускага мастака Леаніда Дзмітрыевіча Шчамялёва. Ён валодае 100% долі бара Champaneria, а яго ўклад у статутны фонд усяго 10 рублёў. Пры спробе пагаварыць ён забаніў журналіста Еўрарадыё.

Новым дырэктарам з 1 лістапада стаў нейкі Ілья Бацюк. 24-гадовы студэнт мінскага філіяла Расійскага эканамічнага ўніверсітэта ім. Пляханава. Да гэтага працаваў у мінскіх установах на Зыбіцкай. Літаральна за год да прызначэння на дырэктарства — на бары ў кавярні Leonе.

Неўзабаве пасля перапродажу бар з назвай Champaneria на Зыбіцкай перастаў існаваць канчаткова. На яго месцы з'явіўся бар Glass. Новыя ўладальнікі не кранулі дарагі і стыльны інтэр'ер. Але прыўнеслі ў яго go-go танцорак на барнай стойцы і рускую папсу.

Бар Svobody.4. Як з ім звязаны набліжаны да Лукашэнкі бізнесмен Цяцерын

Вінны бар-лофт Svobody.4 абвясціў пра сваё канчатковае закрыццё 15 лютага, ён праіснаваў крыху больш за пяць гадоў. Прычынай для закрыцця стаў удзел бара ў "Нацыянальнай забастоўцы". Ужо праз дзень да іх прыйшлі правяральныя органы і закрылі ўстанову загадам. З тых часоў Svobody.4 не працаваў, але працягваў функцыянаваць.

Паводле дакументаў бар належыць кампаніі "БелГлобалСтар", якую звязваюць з Сяргеем Цяцерыным, старшынёй Беларускай тэніснай федэрацыі і набліжаным да Лукашэнкі бізнесменам.

Цяцерын не раз быў заўважаны побач з Лукашэнкам: касіў, убіраў бульбу і кавуны, лятаў на зімовую Алімпіяду ў Сочы. Быў ён і на першым мітынгу прыхільнікаў Лукашэнкі на плошчы Незалежнасці 16 жніўня.

Сяргей Цяцерын з Лукашэнкам каштуюць кавун

Але ці сапраўды Цяцерын меў дачыненне да Svobody.4?

Цяцерыншчына

Да 2014 года Сяргей Цяцерын і яго жонка Ганна валодалі доляй у "БелГлобалСтар". Бар жа адкрыўся толькі ў 2015 годзе. Але да 2017 года сярод сузаснавальнікаў была яшчэ і іншая цяцерынская кампанія "БелГлобалСтарт".

Да моманту скону бара ва ўстановы было тры саўладальнікі з долямі 25/50/25. Сярод уладальнікаў — Таццяна Сяргееўна Цяцерына, поўная цёзка дачкі Сяргея Цяцерына, у яе 50% долі. Вядома, што ўжо ў 2017 годзе яна займала пасаду дырэктара па камерцыйных пытаннях у "БелГлобалСтар".

Закрыты па прадпісанні

Афіцыйна бар не працаваў 26 кастрычніка праз "планавае пакрыццё падлогі лакам":

"Мы не працавалі ў другой палове дня ў нядзелю, 25 кастрычніка, і ў панядзелак. У нас было планавае пакрыццё падлогі лакам. Раней мы гэтым займаліся начамі, але працэс, як правіла, заўсёды зацягваўся на другі дзень: заставаўся пах, выветрыць памяшканне проста не атрымлівалася. У нас ёсць усе дакументы і дамовы, што была закуплена прадукцыя для пакрыцця падлогі. Усё гэта мы падавалі адпаведным органам",расказала TUT.by менеджар Яўгенія.

28 кастрычніка пасля абеду ў бар прыйшлі з санэпідэмстанцыі, пасля 18:00 установа ўжо не працавала. Бар закрылі да ліквідацыі ўсіх праблем, на якія паказалі правяральныя службы. Прадпісанне выдалі да 3 лістапада. Але і да гэтай даты бар не адкрыўся.

15 лютага бар афіцыйна абвясціў у сваім інстаграм-акаўнце, што яны закрыліся назаўжды.

Каму цяпер належаць праекты рэстаратара Улада Луневіча

Калі вы хоць раз тусілі на вуліцы Кастрычніцкай, то, магчыма, бывалі хоць бы ў адной са шматлікіх устаноў рэстаратара Улада Луневіча: "Лаўка", "Дэпо", Underdog, Let it be, Enzo і Simple (да яго пераезду ў будынак фабрыкі-кухні).

Восенню яго ўстановы зазналі масіраваныя праверкі праз удзел у "Нацыянальнай забастоўцы". Сам рэстаратар быў вымушаны з'ехаць з Беларусі, а свае долі ва ўстановах — распрадаць.

У інтэрв'ю Луневіч унікліва адказвае на пытанні пра тое, хто ж валодае цяпер яго ўстановамі. І таму ўзнікае лагічнае пытанне: дык хто цяпер валодае гэтымі праектамі?

Прэсінг

Прэсінг пачаўся неўзабаве пасля дня "Нацыянальнай забастоўкі". 2 лістапада на Кастрычніцкай улады закрываюць адразу ўсе праекты Луневіча: Enzo, "Лаўка", "Дэпо", Let it be, Underdog. Часова не функцыянуе і Simple на вуліцы Свярдлова.

Сярод парушэнняў, праз якія нібыта і закрылі праекты да іх ліквідацыі, — адсутнасць асобнай швабры для халадзільнай камеры, асобнага мерніка для септадэзу і кропель для вачэй у аптэчцы.

12 лістапада Луневіч аб'яўляе пра тое, што закрывае ўсе свае праекты. А 16 лістапада пакідае Беларусь.

Новыя ўладальнікі

У пачатку снежня 2020-га блінная "Дэпо" і сэндвічная "Лаўка" на Кастрычніцкай зноў адкрытыя, але пад іншымі назвамі. Цяпер гэта "Кафе 2" і "Кафе 3". Пры гэтым афіцыйна паведамляецца, што рэстаратар Уладзіслаў Луневіч больш не мае дачынення да гэтых праектаў.

З юрыдычных дакументаў становіцца зразумела, што ў кампаніі "Абіус", якая валодала ўсімі ўстановамі, адбыліся перамены ва ўласніках. Сын і бацька Луневічы прадалі свае долі.

Новыя ўладальнікі, якія атрымалі долі ў кампаніі, — Валянцін Паначэўны (працуе ў IT) і Маргарыта Глушакова. Трэці ўладальнік — дырэктар усіх праектаў Аляксандр Гарбачоў.

Падзел

Але ў студзені 2021 года кампанію "Абіус", якая валодала ўсімі праектамі Луневіча, паглынула іншая юрыдычная асоба. А ўстановамі сталі валодаць тры розныя кампаніі: "Аўкаст" (Underdog, "Дэпо №2"), "Акастмі" ("Лаўка", "Дэпо №1", Let it be, Enzo) і "Авасэт" (Simple).

Асноўны ўладальнік "кастрычніцкіх" устаноў кампанія "Акастмі" належыць Маргарыце Глушаковай, Валянціну Паначэўнаму і Аляксандру Гарбачову (ён жа і дырэктар кампаніі).

Рэстаран Simple (цяпер "Ресторан 1") выдзелены ў асобную юрыдычную асобу. Ім валодае "Авасэт", заснавальнікі якога Аляксей Свідрыцкі (шэф-кухар рэстарана), Арцём Хаміцэвіч (самелье ўсіх устаноў Улада Луневіча), Маргарыта Глушакова і Валянцін Паначэўны.

Пасля змены ўладальнікаў установы працягваюць працаваць у ранейшым рэжыме практычна без змен, памяняўшы толькі назву, але не сутнасць.

Вы можаце дапамагчы незалежнай журналістыцы і падпісацца на Patreon.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.