Чакалі эвакуацыйны цягнік: як жыве сям'я, у якой маме і дачцэ адарвала ногі

Наталля з дзецьмі Янай і Яраславам / скрыншот з відэа "Новости Донбасса"
Наталля з дзецьмі Янай і Яраславам / скрыншот з відэа "Новости Донбасса"

Восьмага красавіка 11-гадовая Яна з пасёлка Наўгародскае Данецкай вобласці, які не так даўно перайменавалі ў Нью-Ёрк, разам з роднымі чакала эвакуацыйны цягнік у Краматорску. Ракета "За дзяцей Данбаса", якой расійскія сілы ўдарылі па вакзале, адарвала дзяўчынцы абедзве нагі. Ужо некалькі тыдняў Яна разам з мамай, якая таксама пацярпела і засталася без нагі, ляжаць у дзіцячай лякарні Святога Мікалая ў Львове. Іх даглядае 11-гадовы сын Яраслаў, які цудам ацалеў. Што ўспамінаюць з таго дня і што збіраюцца рабіць далей — яны расказалі "Новостям Донбасса". 

Эвакуацыя

Ніхто не хоча пакідаць свой дом, нават калі вельмі страшна. Родныя сцены ахоўваюць. Так думае амаль кожны жыхар Данбаса, так думала і Наталля — мама адзінаццацігадовых блізнят Яны і Яраслава.

Наталля кажа, што да моманту іх выезду ў пасёлку ўжо не было святла, інтэрнэту, у дзяцей не было школьных заняткаў ужо тры месяцы. Пастаянна былі чуваць выбухі і стрэлы.

Наталля ўгаварыла старэйшую дачку з мужам і трохгадовай унучкай выехаць першымі. Сама з малодшымі дзецьмі яшчэ заставалася дома, у пасёлку. Лінія фронту ўсё набліжалася, запасаў ежы ўсё меншала, у банкаматах паступова заканчваліся грошы.

"У мяне на картцы грошы, было і трохі гатоўкі. Калі б мы там засталіся, ну, патраціла б я гатоўку, а што мне на картцы грошы. Ну, пайду я куплю гэтай каўбасы, крамка ёсць, і то — там часам прымаюць карткі, часам не. Ну, возьмеш там масла, сыру, каўбасы, макароны — усё", — расказвае Наталля.

Дапамагчы самой Наталлі і яе малодшым дзецям-блізнятам Яне і Яраславу не было каму. Родны тата дзяцей памёр 4 гады таму, а айчым пайшоў ваяваць. Жанчына ўсё-ткі адважылася эвакуявацца, пакуль не позна. З дзецьмі і валізамі прыехала на вакзал у Краматорск. Неўзабаве павінен прыбыць іх цягнік. На пероне сотні людзей, валанцёры з гарачай гарбатай і мёртвая цішыня ў небе. Яна захацела сагрэцца, і яны з мамай пайшлі па гарбату. Яраслаў застаўся пільнаваць рэчы ў будынку вакзала. Пакуль у валанцёраў закіпаў імбрычак, усё пачалося. 

Лекары не паспявалі ратаваць

"Нейкія гукі пачаліся незразумелыя, як быццам свістала, ляцела нешта, я ўбачыла, як нехта сядзеў на пероне, і потым у вачах рэзка пацямнела. І ўсё, мне заклала вось гэтае вуха. А потым я адкрыла вочы, У мяне ногі пякуць моцна. Я не ведала, што з імі, я хацела падняцца, я плакала, мне было страшна. А потым я падымаю ногі і не разумею, дзе яны, іх няма. А потым я вачыма знайшла маму — яна была паўседзячы, паўлежачы, і ў яе таксама не было адной нагі", — расказвае 11-гадовая Яна.

Ждали эвакуационный поезд: как живёт семья, в которой маме и дочке оторвало ноги
Яна / "Новости Донбасса"

Яе мама ўспамінае, што пасля ўдару шукала вачыма Яну і ўбачыла, што дзяўчынку адкінула ўбок і ў яе няма ног.

"Я зірнула на ногі, а ў яе няма гэтых красовак. Я хацела ўстаць, а ў мяне там усё вісіць", — са слязамі кажа Наталля.

Не дачакаліся эвакуацыйнага цягніка сотні людзей. Ракета "Кропка У" з надпісам "За дзяцей Данбаса" забіла 57 чалавек, сярод іх 16 дзяцей. Больш за сотню жыхароў Данбаса параніла. Кожны пяты — у цяжкім стане, як Наталля і Яна. Вайскоўцы і медыкі, якія прыбылі на вакзал, не паспявалі ратаваць людзей, дапамагчы ўсім было вельмі складана. 

Аскепак на память

Пасля таго як Яну забралі ў лякарню, яна не бачыла маму і брата два дні. Сям'я згубілася. Медыкі тэрмінова даставілі дзяўчынку ў лякарню ў Дняпры, Яраслава сваякі адвезлі з вакзала дадому, а іх мама апынулася ў лякарні Паўлаграда.

Мама Наталля расказвае, што там яе прааперавалі, паколькі тоўсты кішачнік быў прабіты аскепкам. Раздробленую нагу жанчыне ампутавалі ўжо ў Дняпры, дзе яна нарэшце сустрэлася з дачкой.

Ждали эвакуационный поезд: как живёт семья, в которой маме и дочке оторвало ноги
Наталля ў лякарні Львова / "Новости Донбасса"

Аскепак, які выцягнулі з яе цела, Наталля вырашыла захаваць на памяць.

11-гадоваму Яраславу дазволілі прыехаць да мамы і сястры ў лякарню Святога Мікалая ў Львове, бо ў іх з блізкіх сваякоў на Данбасе не засталося нікога. Хлопчыку давялося рэзка пасталець у той момант, калі расійская ракета прыляцела на вакзал Краматорска. На яго дзіцячыя плечы ўпаў догляд мамы і сястры. Нават сам ходзіць у краму побач з лякарняй. Часу на звычайныя прагулкі цяпер няма.

Ждали эвакуационный поезд: как живёт семья, в которой маме и дочке оторвало ноги
Яраслаў / Першае медыцынскае аб'яднанне Львова

"Нешта падаць, прынесці, паклікаць некага, накрыць або нешта яшчэ, нагрэць ежу, прынесці. Вады падаць. Я звычайна каля палаты гуляю, маме ці сястры калі нешта трэба, яны проста вось так крыкнуць: "Ярык!" — і я ім дапамагаю, або нешта раблю, або клічу некага", — расказвае Яраслаў.

Дзяўчынка зможа танцаваць

Сям'і пакуль цяжка гаварыць пра тое, як жыць далей. Цяпер ім дапамагаюць толькі лекары.

Загадчык хірургічнага аддзялення лякарні Святога Мікалая Першага медаб'яднання Львова Дзмітрый Грыцак кажа, што дзяўчынцы магчыма зрабіць пратэзы.

Ждали эвакуационный поезд: как живёт семья, в которой маме и дочке оторвало ноги
Наталля з дзецьмі / Першае медыцынскае аб'яднанне Львова

"На шчасце, калі можна так сказаць, у яе захаваны каленныя суставы, значыць, можна разлічваць на досыць функцыянальнае пратэзаванне. І думаю, што яна нават зможа танцаваць", — абнадзейвае загадчык аддзялення.

Цяпер Яна з мамай чакаюць запрашэння на пратэзаванне ў ЗША. Яраслаў таксама зможа паехаць з імі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі