Царкве "Новае жыццё" прысудзілі амаль 100 тысяч долараў штрафу

Суд Маскоўскага раёна Мінску 26 лютага прызнаў царкву "Новае жыццё" Рэлігійнага аб'яднання абшчын хрысціян поўнага Евангелля ў Рэспубліцы Беларусь вінаватай у забруджванні навакольнага асяроддзя. Абшчыну абвінавацілі ў псаванні глебы, што прадугледжвае штраф да 500 базавых велічынь (17,5 млн. рублёў). Паводле судовага рашэння на "Новае Жыццё" накладзены штраф у памеры 250 базавых велічынь (8 млн 750 тыс. рублёў). Акрамя таго, абшчыну абавязалі кампенсаваць шкоду ў памеры 263 млн рублёў. Агульная сума штрафаў склала амаль сто тысяч долараў.

Юрыст царквы Сяргей Луканін адзначыў, што абшчына будзе абскарджваць судовае рашэнне. У каментары Еўрарадыё ён заявіў, што царква не мае намеру плаціць несправядлівы, на думку вернікаў, штраф:

Луканін: "Гэты штраф у нас няма магчымасці выплаціць. Мы можам пацвердзіць, што ў нас няма такой магчымасці. І нават калі б была такая магчымасць, мы лічым, што гэта ўсё робіцца па-за законам. Няма ў нас жадання выконваць нейкія пазазаконныя рашэнні".

Па словах юрыста, у бліжэйшыя дні "Новае Жыццё" прыме адмысловы зварот да грамадскасці, дзе распавядзе пра свае далейшыя намеры.

Нагадаем, што нагодай для суда стаў выпадак у снежні 2009 года. Экалагічнае ведамства Мінгарвыканкаму выявіла сляды нафтапрадуктаў у пробах, узятых на праезнай частцы дарогі каля будынка царквы. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі