Вы тут

Былога віцэ-прэм'ера Ляшэнку, пасланага на "Гродна Азот", пасялілі ў інтэрнаце

Ігар Ляшэнка і інтэрнат "Гродна Азота" / калаж Еўрарадыё​

Былога віцэ-прэм'ера Ігара Ляшэнку, якога Аляксандр Лукашэнка адправіў кіраваць "Гродна Азотам", пасялілі ў адным з 11 інтэрнатаў прадпрыемства. "Дырэктар завода? Вам трэба ў "чацвёрку". Вось тэлефон", — здаюць Еўрарадыё "дарагога госця".

У самой "чацвёрцы" — інтэрнаце "Гродна Азота" №4 — персанал аказаўся менш гаваркі. Расказваць пра ўмовы, у якіх будзе жыць чыноўнік, нам не сталі. Але на "Яндэкс.Мапах" гэта месца пражывання нахвальваюць: "Інтэрнат чысты. На вахце прыемныя жанчыны!"
 

"Жамчужына" за 88 еўра ў суткі

Па тэлеграме гуляе відэа пра тое, што Ігар Ляшэнка будзе жыць зусім у іншым месцы — у двухпавярховым катэджы на тэрыторыі санаторыя "Жамчужына" за 4,5 км ад Гродна. Там ёсць саўна з басейнам, більярдны стол, камін на дровах. Арандаваць адно месца ў катэджы каштуе 88 еўра ў суткі.

Але ў "Жамчужыне" Еўрарадыё не пацвердзілі гэту інфармацыю.

"Санаторый разглядалі як варыянт таго, дзе ён мог бы спыніцца. Але ў выніку Ігар Васілевіч у нас не спыняецца і на цяперашні момант не пражывае", — кажа галоўны доктар "Жамчужыны" Ала Навацкая.

"Паверце мне, што Ігар Васілевіч не пражывае там [у "Жамчужыне". — Еўрарадыё], хоць мае права. Гэта не забаронена для яго, калі будзе аплата, — каментуе Еўрарадыё намеснік па сацыяльных пытаннях і ідэалагічнай рабоце Рамуальд Барсук. — Учора ён засяліўся ў інтэрнат. Я асабіста яго сустракаў і паказаў, дзе ён знаходзіцца".

Пакуль пераехаў без сям'і

З 2014 да 2018 года Ігар Ляшэнка ўзначальваў канцэрн "Белнафтахім", потым працаваў віцэ-прэм'ерам. У сакавіку 2020 года змяніў крэсла дзяржслужбоўца на кіраўнічую пасаду ў мінскім прадстаўніцтве "Гомельтранснафта Дружба". 26 студзеня 2021 года Лукашэнка прызначыў Ляшэнку гендырэктарам ААТ "Гродна Азот", адзначыўшы, што на прадпрыемстве павінна быць "жэстачайшая дысцыпліна".

Ігар Ляшэнка жанаты, у сям'і трое дзяцей. Але сям'я палітыка засталася ў Мінску.

"На жаль, пераехаў пакуль без сям'і", — апісвае сітуацыю намеснік дырэктара Рамуальд Барсук. На пытанне, ці плануе былы намеснік старшыні ўрада перавозіць у Гродна жонку і дзяцей, ідэолаг адказвае, што і сам бы так адразу не рабіў: "шмат пытанняў", "сур'ёзная вытворчасць", "тым больш сям'я вялікая".

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.