Вы тут

"Будзе толькі ў суботу": ці хопіць у вытворчасці вады для мінскіх крамаў

Выкладка пітной вады ў крамах Мінска / Еўрарадыё

25 чэрвеня ў МАРГ прайшла сустрэча вытворцаў вады і рытэйлераў. Гаворка ішла пра тое, каб забяспечыць Мінск пітной вадой, якую апошнія два дні літаральна змятаюць з паліц. У Фрунзенскім і Маскоўскім раёнах сталіцы, якія найбольш пацярпелі ад забруджвання, попыт на яе вырас у 15 разоў. У іншых раёнах — у 6-8 разоў. Напрыклад, у ГЦ "Замак" (Цэнтральны раён) 20-тонную фуру 5-літровых бутэлек разабралі за 20 хвілін.

Вытворцы вады не асабліва аптымістычныя ў прагнозах. Напрыклад, у "Кока-Кола Беўрыджыз Беларусь" кажуць, што па стандартах вытворчасці прадпрыемства азануе ваду. Каб рэшткавы азон сышоў, вада павінна быць у каранціне тры дні. Такі тэхнічны рэгламент. 

Производство Coca-Cola / coca-colahellenic.com

І нават калі мы нарасцім вытворчасць проста зараз, гэты тэхнічны момант трэба вытрымліваць абавязкова, — кажа Андрэй Рашчупкін, першы намеснік гендырэктара. — Натуральна, 1,5 і 2 літры разышліся досыць хутка. І такая тара будзе ў нас даступная толькі ў суботу. Мы зможам 0,5 і 1 літр даставіць цяпер, а 1,5 і 2 літры ў суботу не будзе. Разлітая па гэтых тарах вада ўжо скончылася.

"Дарыда" кажа, што выконвае ўсе заказы, якія да іх паступілі, але з агаворкай, што "зразумела, што нельга штосекундна іх выконваць ва ўсе гандлёвыя аб'екты".

"Мы цяпер пераключылі ўсе магчымыя магутнасці на пітную ваду. Лінія, якая можа выпускаць буйную тару 5,5 літра, у суткі можа выдаваць 50 тысяч бутляў. Лінія з тарай на 1,5 літра можа выдаваць 120 тысяч за суткі. Загрузка магутнасцяў — сто адсоткаў. У нас няма такога каранціну, як у "Кока-Кола", мы абеззаражваем ваду ультрафіялетам, таму будзем пастаўляць усё сеткаваму рытэйлу", — працягвае прадстаўнік прадпрыемства.

Производство на МЗБН / minsktourism.by

На "Мінскім заводзе безалкагольных напояў" заказы з буйной тарай, якія павінны былі быць дастаўлены ў крамы сёння, разышліся яшчэ ўчора:

"Усё, што павінна было ехаць сёння, разышлося яшчэ ўчора, кіроўцы працавалі ў трэцюю змену. Гандлю — дзякуй, прымалі кіроўцаў па-за чаргой. Цяпер у нас адзінае абмежаванне — магутнасць вытворчасці. Пяцілітровая вада, як і на "Кока-Коле", павінна адстаяцца, таму некалькі дзён каранціну. "Маленькія" фарматы ачышчаюцца ультрафіялетам, таму з вадой па 0,5 і 1 літры праблем пакуль няма. У нас запас на два дні ёсць. Але сітуацыя мяняецца кожную гадзіну".

Па словах прадстаўніка завода, заяўкі фармуюцца на тыя прадукты, якіх яшчэ няма ў наяўнасці. Але тым не менш па ўласнай ініцыятыве завод учора развозіў ваду ў цыстэрнах па Мінску.

Узгаднілі з адміністрацыяй Фрунзенскага раёна месцы: вуліца Слабадская, Ясеніна, Дзяржынскага. І там проста стаялі нашы ёмістасці і раздавалі бясплатна ваду. Ноччу попыт быў меншы, але з раніцы яны ўжо апусцелі і ўжо паехалі па другім, трэцім рэйсе".

Раніцай 24 чэрвеня па трубах у двух раёнах сталіцы — Маскоўскім і Фрунзенскім — пацякла забруджаная вада. За суткі праблема дабралася з ускраін да цэнтра.

Ад уладаў увесь гэты час паступалі супярэчлівыя сігналы. Вечарам па дзяржаўным тэлебачанні выйшаў сюжэт пра тое, што вада ў норме па ўсіх паказчыках, акрамя паху. Глыбокай ноччу Мінскводаканал паведаміў, што піць ваду нельга. Да раніцы іншае паведамленне — у вадзе зноў усё ў норме, акрамя паху. Тым часам у сеціва трапілі дакументы з інфармацыяй пра тое, што ў вадзе выяўленыя нафтапрадукты.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.