БСДП: У фальсіфікацыі выбараў удзельнічалі каля 100 тысяч чалавек

БСДП: У фальсіфікацыі выбараў удзельнічалі каля 100 тысяч чалавек

Вынікі выбараў у Палату прадстаўнікоў 17 лістапада 2019 года былі сфальсіфікаваныя, а самі выбары не былі свабоднымі і адкрытымі. З такой заявай выступіў Прэзідыум Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады). Паводле партыйных падлікаў, у фальсіфікацыі бралі ўдзел каля 100 тысяч чалавек.

БСДП заяўляе, што ніводзін з партыйцаў не быў уключаны ў тэрытарыяльныя і ўчастковыя выбарчыя камісіі. Тыя ж партыйцы, якія трапілі ў акруговыя выбаркамы, не мелі магчымасці ўплываць на працэдуру падліку галасоў. Самі камісіі, кажуць у БСДП, былі створаныя з парушэннем выбарчага заканадаўства.

"Незалежныя назіральнікі, якія здзяйснялі татальны кантроль акруг на ўсіх выбарчых участках, дзе былі кандыдатамі ў дэпутаты сябры БСДП на Брэсцкай-Усходняй выбарчай акрузе №3 Ганна Канюс і Коласаўскай выбарчай акрузе №106 Ігар Барысаў, зафіксавалі адсутнасць яўкі выбаршчыкаў, што сведчыць пра тое, што дэпутаты не былі абраныя, а былі прызначаны дзеючай уладай", — заяўляюць у партыі.

Сацыял-дэмакратычная партыя заяўляе, што падчас выбараў было зафіксавана прымусовае датэрміновае галасаванне, выбарчыя "каруселі", неналежнае захаванне скрынак для датэрміновага галасавання на выбарчых участках, заніжэнне спісу выбарцаў дзеля завышэння яўкі і моцна завышаныя лічбы жадаючых прагаласаваць на даму.

18 партыйных назіральнікаў былі пазбаўленыя акрэдытацыі, а яшчэ трое не атрымалі акрэдытацыю ўвогуле. Назіральнікам забаранялі весці фота- і відэафіксацыю.

"БСДП заклікае міжнародную супольнасць устрымацца ад прызнання вынікаў галасавання, заклікае ўлады прыняць змены ў Выбарчы кодэкс у адпаведнасці з рэкамендацыямі АБСЕ, якія знаходзяцца на разглядзе ў парламенце і якія б у будучыні гарантавалі правядзенне свабодных і справядлівых выбараў", — падкрэсліваецца ў заяве.

Таксама партыя заклікае міжнародную супольнасць "абмежаваць кантакты з прызначанымі дэпутатамі". Акрамя таго прапануецца не выдаваць візы ў краіны Еўрасаюза старшыням, намеснікам старшыняў і сакратарам выбарчых камісій, якія ўдзельнічалі ў фальсіфікацыях. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі